Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі сацапытаньня: у Літве з дыскрымінацыяй сутыкаліся 16% беларускіх эмігрантаў, у Польшчы — 31%, Грузіі — 39% 


Архіўнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў Варшавы, сакавік 2021 году
Архіўнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў Варшавы, сакавік 2021 году

У Польшчы, Літве і Грузіі існуе розная ступень непрыязі да эмігрантаў зь Беларусі, сьведчаць вынікі дасьледаваньня, праведзенага камандай незалежных беларускіх сацыёлягаў на чале зь Філіпам Біканавым пры падтрымцы нямецкага фонду Фрыдрыха Эбэрта.

Апытаньне праводзілася шляхам ананімнага онлайн-анкетаваньня.

Яно паказала, што з дыскрымінацыяй у Літве асабіста сутыкалася 16% беларускіх эмігрантаў (ад знаёмых пра такія факты ведаюць 48%), у Польшчы — 31% (33%), Грузіі — 39% (49%).

Формы дыскрымінацыі, зь якімі сутыкаліся беларускія эмігранты ў Польшчы, Літве і Грузіі, паводле апытаньня:

  • вэрбальныя абразы ў побыце і ў інтэрнэце (сутыкаліся 61% беларускіх эмігрантаў у Польшчы, у Грузіі — 65%, Літве — 68%),
  • адмовы ў банкаўскім абслугоўваньні (Польшча — 24%, Літва — 17%, Грузія — 34%) і арэндзе жыльля (17%, 30%, 34% адпаведна),
  • завышэньне цэнаў на тавары і паслугі (чвэрць апытаных у Грузіі, у Польшчы — 3%, Літве — 10%),
  • дыскрымінацыйнае стаўленьне і нэгатыў з боку ўкраінцаў (у Польшчы — 63%, Грузіі — 21%, Літве — 51%) і мясцовых жыхароў (у Польшчы — 56%, Грузіі — 84%, Літве — 60%),

Беларускія эмігранты трох краін у пераважнай большасьці прытрымліваюцца антываенных поглядаў і дапамагаюць Украіне.

94% удзельнікаў апытаньня ў Польшчы вінавацяць у разьвязваньні вайны Расею, у Літве такі пункт гледжаньня падзяляюць 96% беларусаў, Грузіі — 97%.

На Беларусь адказнасьць за вайну ўскладаюць 42% рэспандэнтаў у Польшчы, 34% — у Літве, 38% — у Грузіі. Каля 10% беларусаў, якія жывуць у трох гэтых краінах, лічаць вінаватымі ў вайне Эўразьвяз і ЗША. На думку сацыёлягаў, за гэтымі лічбамі хаваецца незадаволенасьць удзельнікаў апытаньня тым, што краіны Захаду недастаткова падтрымлівалі Ўкраіну да пачатку вайны Расеі супраць Украіны і на пачатковым яе этапе.

83% апытаных беларусаў у Польшчы, 75% у Літве і 73% у Грузіі сказалі, што падтрымліваюць Украіну ў супрацьстаяньні зьнешняй агрэсіі рознымі спосабамі, самыя папулярныя зь іх — удзел у антываенных мітынгах, салідарнасьць у інфармацыйным полі і грашовыя пераводы (сукупна 55–65% у трох краінах). У Польшчы сярод беларусаў больш распаўсюджаны валянтэрскі рух у дапамогу ўкраінскім уцекачам, ім займаюцца 36% апытаных, у Літве і Грузіі гэты паказчык складае адпаведна 20% і 26%.

Вялікая (18%) доля беларусаў Польшчы дапамагалі ўцекачам з Украіны з жытлом. Сацыёлягі тлумачаць актыўную пазыцыю беларускіх эмігрантаў у Польшчы тым, што там знаходзіцца найбольш шматлікая ўкраінская дыяспара, а лягістыка прасьцейшая.

Апытаньне таксама паказала, што сярод беларускіх перасяленцаў у Польшчы, Літве і Грузіі практычна няма прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Праціўнікаў ягонага рэжыму ў трох краінах прыкладна аднолькава — каля 90%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG