Сьцьвярджаецца, што дывэрсія прывяла да парушэньня тэхналягічнага працэсу працы станцыі. Аб пацярпелых не паведамляецца. Радыяцыйны фон у раёне АЭС у норме, вынікае з адкрытых крыніц.
Выбухі пад апорамі ЛЭП адбываліся 4, 9 і 12 жніўня. Спэцслужба абвінаваціла ў іх арганізацыі «ўкраінскіх дывэрсантаў». Курская вобласьць мяжуе з тэрыторыяй Украіны. Кіеў абвінавачаньні на момант публікацыі навіны не камэнтаваў.
Адключэньне АЭС ад зьнешняй сеткі патэнцыйна можа прывесьці да аварыйнага спыненьня працы блёкаў. Аб падобных інцыдэнтах на станцыі ў 2022 годзе не паведамлялася.
Украіна афіцыйна не пацьвярджае напады дывэрсантаў на інфраструктуру ў Расеі. Аднак высокапастаўленыя службоўцы ў сацыяльных сетках некалькі разоў давалі зразумець, што такія напады могуць праводзіцца. Раней рэгіянальныя ўлады ў Курску паведамлялі аб атаках на ЛЭП, у тым ліку аб тых, што трапілі ў зводку ФСБ.
Курская АЭС стаіць на беразе ракі Сейм за 40 кілямэтраў ад гораду. Яна пачала працу ў 1976 годзе. На ёй устаноўленыя рэактары РБМК-1000, аналягічныя тым, што працавалі на Чарнобыльскай станцыі. Магутнасьць станцыі пасьля вываду з эксплуатацыі першага блёка — 2775 МВт.