Дзясяткі жанчын выйшлі на вуліцы і патрабавалі права на адукацыю, працу і ўдзел у палітычнай дзейнасьці напярэдадні першай гадавіны захопу краіны ісламісцкай групоўкай. Удзельнікі мітынгу скандавалі «Мы хочам працы, хлеба і свабоды», калі ішлі да Міністэрства адукацыі ў афганскай сталіцы, перш чым сілы Талібану жорстка адказалі на рэдкі антыўрадавы мітынг, піша Голас Амэрыкі.
«15 жніўня — чорны дзень», — гаварылася на расьцяжцы, якую пратэстоўцы несьлі, скандуючы «справядлівасьць, справядлівасьць».
Апісаньні сьведкаў і сацыяльныя сеткі зафіксавалі, што многія жанчыны на мітынгу не насілі хіджаб. Па словах відавочцаў, некаторых дэманстрантак, якія схаваліся ў бліжэйшых крамах, перасьледавалі і білі, у тым ліку прыкладамі зброі.
Талібы таксама жорстка перашкаджалі афганскім журналістам асьвятляць акцыю.
Прадстаўнікі Талібану пакуль не камэнтуюць падзеі.
Талібы захапілі кантроль над Афганістанам 15 жніўня мінулага году, забраўшы ўладу ў афганскага ўраду, які падтрымлівала міжнародная супольнасьць. Гэта адбылося пасьля таго, як саюзьнікі пад кіраўніцтвам ЗША і NATO вывелі свае войскі з краіны пасьля амаль 20-гадовай вайны з талібамі.