Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Месца нараджэньня не выбіраюць». Як беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне, ня могуць падоўжыць дазвол на жыхарства


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Зь вялікімі, часта невырашальнымі праблемамі сёньня сутыкаюцца беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне з сталым, бестэрміновым дазволам на жыхарства. Рэпартаж «Настоящего времени».

Галоўны страх — страціць дакумэнт. У пасольстве, якое з пачатку вайны не працуе, аднавіць або аформіць новы дакумэнт немагчыма. Менавіта таму Зьміцер Харчанка свой дазвол на жыхарства заўсёды носіць пад футболкай разам зь беларускім пашпартам.

Зьміцер актыўна дапамагае Ўзброеным сілам Украіны і перасяленцам яшчэ з часоў Эўрамайдану. Выезд у Беларусь зь вялікай доляй пэўнасьці прывядзе да турмы. Нягледзячы на гэта, саступак і паслабленьняў ва Ўкраіне для такіх людзей зараз няма.

«Дзяржаўная палітыка апошнія месяцы настолькі стала жорсткай і неадэкватнай... За найменшую правіну, за пратэрмінаваны дакумэнт людзям, якія валянтэрылі па 90 дзён, загадваюць вярнуцца на радзіму... Гэта значыць альбо да Пуціна, альбо да Лукашэнкі. Маю дакумэнт з 2018 году, дзе ў мяне забарона на паездкі ў Расею на 30 гадоў. Пад пагрозай крымінальнага пакараньня», — кажа Зьміцер Харчанка.

Украінскія праваабаронцы днямі зьвярнуліся да профільных міністэрстваў з заклікам спрасьціць легалізацыю ва Ўкраіне для грамадзян Беларусі і скасаваць заведама невыканальныя з прычыны вайны патрабаваньні. Падобныя зьмены, паводле іх, патрэбныя і расейцам, якія дзесяцігодзьдзямі жывуць і працуюць ва Ўкраіне.

«Цяпер, калі вайна ідзе ўжо настолькі доўга, варта казаць, што ў нас ёсьць органы бясьпекі, якія могуць правяраць людзей. І калі гэтыя людзі з замежным грамадзянствам не нясуць небясьпекі для ўкраінскай дзяржавы, то няма неабходнасьці іх дэпартаваць. Зьмены могуць быць, на гэта патрэбная палітычная воля», — кажа праваабаронца з Цэнтру правоў чалавека Zmina Алена Лунёва.

За паўгода Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны, паводле афіцыйных зьвестак, сканфіскавала і скасавала ў іншаземцаў — гэта ня толькі расейцы і беларусы — больш за восем тысяч часовых дазволаў на жыхарства. З 1 ліпеня ўведзены візавы рэжым для грамадзянаў Расеі.

«Калі ў іншаземца заканчваецца тэрмін знаходжаньня на тэрыторыі Ўкраіны, яму неабходна выехаць у краіну паходжаньня. Калі гэта датычыцца грамадзян краіны-агрэсара і яны ня могуць з пэўных прычынаў вярнуцца ў краіну паходжаньня, а менавіта ў Расею, то могуць выехаць у любую іншую бясьпечную для іх краіну. Для Расеі гэта Малдова. Яны едуць у Малдову і адкрываюць там візу ва Ўкраіну», — адзначае начальніца ўпраўленьня іміграцыі Дзяржаўнай міграцыйнай службы ў Львоўскай вобласьці Ірына Расоўская.

Аднак для візы павінны быць сурʼёзныя падставы. Напрыклад, дазвол на працу, залічэньне ў ВНУ ці ўзьяднаньне сямʼі.

Ва Украіне, паводле міграцыйнай службы, жывуць каля 175 тысяч людзей з расейскімі пашпартамі. З часовымі або сталымі дазволамі на жыхарства. Але ў многіх тэрмін дзеяньня гэтых дакумэнтаў заканчваецца ці ўжо скончыўся. А з прычыны вайны падоўжыць яго вельмі складана ці зусім немагчыма. Консульствы Расеі закрытыя. Такім людзям, а гэта часта тыя, хто дзесяцігодзьдзямі жыве ва Ўкраіне, у шлюбе з украінцамі, дапамагаюць войску і перасяленцам, пагражае выдварэньне.

У Львоў Кіра прыехала зь сяла недалёка ад Харкава. Да мяжы з Расеяй адтуль ня больш за 20 кілямэтраў. Цяпер яе напаўразбураны дом на лініі баявых дзеяньняў. Сама Кіра пры гэтым змагаецца за права легальна жыць ва Ўкраіне. У яе расейскі пашпарт.

«На жаль, месца нараджэньня не выбіраюць. А я нарадзілася ў Белгарадзе, у мяне там былі бацькі, і ніхто на момант развалу СССР ня ведаў, чым гэта ўсё скончыцца», — кажа Кіра Джафарава.

З дазволам на жыхарства Кіра жыве ва Ўкраіне 32 гады. Да 2014 году адсутнасьць украінскага грамадзянства не адбівалася на яе жыцьці і спрашчала паездкі да родных у Расею. Але пасьля Майдану яна абарвала ўсе сувязі з краінай, у якой нарадзілася, і вырашыла атрымаць украінскі пашпарт.

У расейскім консульстве, паводле яе, прыдумлялі ўсё новыя падставы зацягнуць працэдуру выхаду з грамадзянства: то няма копіі пашпарту СССР, то патрэбная даведка зь белгарадзкай падаткавай, то з камунальнай гаспадаркі.

«Я выходзіла з гэтага консульства і плакала. У выніку зь вялізнымі цяжкасьцямі другога сьнежня 2021 году я здала дакумэнты на выхад з грамадзянства. Аплаціла дзяржаўнае мыта 1800 грыўняў. Я маю даведку, што падала дакумэнты на выхад. Але няўдача — консульства закрылся, і атрымаць дакумэнт аб выхадзе я не магу. І калі ў мяне скончыцца „часовае пасьведчаньне грамадзяніна Ўкраіны“ — усё», — працягвае Кіра.

На момант афармленьня выхаду з расейскага грамадзянства замест бестэрміновага дазволу на жыхарства ва Ўкраіне выдаецца часовы. Як правіла, на год ці два. Калі за гэты тэрмін ня скончыць працэдуру — пагражае выдварэньне.

Жыхар Дняпра Максім Гашоўскі, каб пазбавіцца расейскага пашпарта, публічна парваў яго. Але зьнішчэньне дакумэнту не аргумэнт. У выхадца з Расеі, які жыве ва Ўкраіне ўжо 16 гадоў, таксама скончыўся тэрмін легальнага знаходжаньня. Перааформіць часовы дазвол на жыхарства ў мінулым сьнежні яму не ўдалося — зьмянілася заканадаўства.

«Я сутыкнуўся з тым, што, выяўляецца, 14 сьнежня 2021 году ва Ўкраіне зьявіліся праўкі да закону аб міграцыі. Адпаведна ім я больш ня маю права падаць на грамадзянства Украіны паводле пункту, па якім падаваў раней — як выхадзец з Украіны», — расказвае Максім Гашоўскі.

У міграцыйнай службе пацьвярджаюць, што пэўныя пункты закону замяніліся так, што выканаць іх зараз немагчыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG