Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску за ўдзел у пратэстах затрымалі сям’ю. Сярод затрыманых дырэктар і архітэктары вядомага архітэктурна-праектнага бюро


Днём у чацьвер, 4 жніўня, у адным з тэлеграм-каналаў сілавікоў зьявілася «пакаяннае» відэа з удзелам сямі чалавек. Як гаворыцца ў публікацыі, яны ўсе затрыманыя ГУБАЗіК за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.

Як паведамляе «Зеркало», сярод затрыманых ёсьць 65-гадовы дырэктар прадпрыемства «ТДТІпраект», якое спраектавала шэраг вядомых будынкаў у Менску, ягоная 66-гадовая жонка — галоўны архітэктар арганізацыі, а таксама іх 35-гадовая дачка і яе муж, якія працуюцт там жа на пасадах галоўных архітэктараў праектаў.

Усе яны ў «пакаянных» відэа кажуць, што ўдзельнічалі ў пратэстных маршах.

«У 2020 годзе я, мая жонка, а таксама цесьць і цешча ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту і перакрывалі рух грамадзкага транспарту. У дадзены момант я і мая сямʼя затрыманыя», — прамаўляе на камэру мужчына.

Акрамя таго, у відэа фігуруюць яшчэ тры чалавекі, якія робяць аналягічныя вымушаныя прызнаньні. Гэта дзьве жанчыны, якія таксама працуюць у сфэры праектаваньня і будаўніцтва (эканаміст у адным з трэстаў і галоўны бухгальтар у прадпрыемстве «Белгідраўліка»), і мужчына, які працуе ў турыстычнай кампаніі «Трэвэл груп».

Як заявілі сілавікі, усе сямёра — альбо сваякі, альбо калегі па працы. Апублікаваныя таксама сумесныя здымкі гэтых людзей з пратэстнага маршу.

«Вось так у адзін з летніх дзён, сабраўшыся разам і ўдосталь нафатаграфаваўшыся на праезнай частцы, усе разам зарабілі сабе артыкул 342 КК Беларусі», — напісалі ў канале сілавікоў.

Калі гэтыя людзі былі затрыманыя і ў якім статусе знаходзяцца зараз, а таксама ўзятыя пад варту ці знаходзяцца на волі — не ўдакладняецца. Імёны затрыманых таксама не называюць. Можна меркаваць, што дырэктар і галоўны архітэктар «ТДТІпраект» гэта Ігар і Тацьцяна Калесьнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG