Урад Эстоніі прыняў рашэньне аб выдаленьні савецкіх помнікаў з публічнай прасторы. Пра гэта паведаміла эстонская грамадзкая тэлерадыёкампанія ERR. У краіне застаецца да 400 манумэнтаў савецкай эпохі.
«Галоўнае вырашана — камуністычныя манумэнты трэба прыбраць з публічнай прасторы, і мы зробім гэта ў найкарацейшыя тэрміны», — заявіла прэм’ер-міністар Кая Калас. Яна зазначыла, што помнікі разьмешчаны па ўсёй краіне і належаць мясцовым уладам, якія самі павінны вызначыць тэрміны дэмантажу.
Асобна Калас спынілася на помніку танку Т-34 у прымежным з Расеяй горадзе Нарва, дзе мясцовыя жыхары выступілі супраць яго ліквідацыі. Напярэдадні каля ста чалавек сабраліся каля манумэнту, каб абараніць яго ад зносу. Пры гэтым афіцыйных паведамленьняў пра дэмантаж танка не было, а мэр гораду Катры Райк назвала гэта «правакацыяй з сацсетак».
Прэмʼер-міністарка адзначыла, што танк належыць Нарве, але адказнасьць за яго перамяшчэньне павінен узяць на сябе ўрад Эстоніі, бо манумэнт «мае сымбалічнае значэньне», а яго выдаленьне можа выклікаць грамадзкую напружанасьць.
Міністар замежных спраў рэспублікі Урмас Рэйнсалу заявіў, што дзеля таго, каб дэмантаваць танк як найхутчэй, варта склікаць пазачарговае паседжаньне парлямэнту, што дазволіць прыбраць танк на працягу месяца.
У красавіку 2007 году ў Эстоніі прайшлі масавыя хваляваньні ў сувязі зь пераносам помніка Вайскоўцу-вызваліцелю («Бронзавы салдат») з цэнтру Таліна на Вайсковыя могілкі. У першую ноч сутыкненьняў раненьні атрымалі 57 чалавек, сярод іх 13 паліцыянтаў. Адзін чалавек памёр у бальніцы ад нажавых раненьняў, атрыманых падчас беспарадкаў. У паліцыю было дастаўлена каля 300 чалавек, зь якіх траціна — этнічныя эстонцы.
Гэтыя дзеяньні ўраду Эстоніі выклікалі нэгатыўную ацэнку ў кіраўніцтве і грамадзтве Расеі. Праўрадавыя актывісты ў Расеі пікетавалі эстонскае пасольства, байкатавалі эстонскія тавары, заклікалі ня езьдзіць у Эстонію.
Пасьля беспарадкаў былі арыштаваныя лідэры «Начнога дазору» Дзьмітрый Лінтэр і Максім Рэва, а таксама камісар прарасейскага руху «Нашы» ў Эстоніі — 18-гадовы Марк Сірык. Усім траім прадʼявілі абвінавачаньні ў арганізацыі пратэставых акцый. У 2009 годзе павятовы, а затым і акруговы суд іх апраўдаў.