У Міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі людзі выйшлі да беларускай амбасады ў Вільні ў масках з тварамі зьняволеных праваабаронцаў «Вясны».
4 жніўня — Міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. У гэты дзень у 2011 годзе ў Менску арыштавалі кіраўніка і заснавальніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Тады яго асудзілі на 4,5 года калёніі за «ўтойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры». Сваёй віны праваабаронца не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасьць. За кратамі яго ўтрымлівалі амаль тры гады і пасьля вызвалілі пад амністыю.
9 гадоў таму, 4 жніўня 2013 году, «вясноўцы» і іншыя актывісты на знак пратэсту супраць перасьледу Бяляцкага выйшлі да беларускай амбасады ў Вільні ў масках зь яго тварам, каб сказаць, што, нягледзячы на арышт кіраўніка, «Вясна» будзе працягваць сваю дзейнасьць і што перасьлед заснавальніка арганізацыі «вясноўцы» ўспрымаюць як перасьлед кожнага сябра і сяброўкі «Вясны».
Цяпер за кратамі ўтрымліваюцца сем «вясноўцаў» праз сваю праваабарончую дзейнасьць: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч, Марфа Рабкова, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк і Тацяна Ласіца.
«Нам трэба змагацца ня толькі за вызваленьне ўсіх палітвязьняў, паралельна падтрымліваючы іх, а яшчэ і за аднаўленьне справядлівасьці і прасоўваньне правоў чалавека ў Беларусі. Для гэтага трэба выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы. Дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі — адна з нагодаў, каб яшчэ раз напомніць дзяржаве свае патрабаваньні вызваліць палітвязьняў, а беларускай і міжнароднай супольнасьці — пра тое, што нашая барацьба ня скончаная. „Вясна“ ёсьць і будзе, пакуль хоць адзін палітвязень застаецца за кратамі і пакуль справядлівасьць не адновіцца!» — кажа праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук.
Чацьвёрты месяц ідзе суд на Марфай Рабковай і Андрэем Чапюком — ім пагражае да 20 і 8 гадоў зьняволеньня адпаведна. Леанід і Тацяна ўжо адбываюць тэрміны ў калёніях за дапамогу беларусам. А сьледзтва над Валянцінам, Алесем і Ўладзем працягнутае да кастрычніка — у СІЗА-1 пад сьледзтвам яны ўжо больш за год. Большасьць сябраў і сябровак арганізацыі вымушаныя былі пакінуць краіну празь перасьлед, каб працягнуць праваабарончую дзейнасьць і дапамогу рэпрэсаваным беларусам.