Пра гэта гаворыцца ў дасьледаваньні Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ) пра навуковыя памылкі расейцаў.
Правільны адказ — што Зямля круціцца вакол Сонца — даў 61% апытаных.
Апроч пытаньня пра Сонца і Зямлю, у расейцаў таксама пыталіся, ці стане бясьпечным радыяактыўнае малако, калі яго пракіпяціць, ці маглі першабытныя людзі шпацыраваць разам з дыназаўрамі, ці выклікаюць генэтычна мадыфікаваныя прадукты рак і ці дапамогуць яны перамагчы голад.
Больш за ўсё правільных адказаў расіяне далі на пытаньні пра радыяактыўнае малако і дыназаўраў. Што ГМА могуць выклікаць рак, лічаць 44% расейцаў. Аднак гэта на 23% менш, чым у 2014 годзе.
Па выніках апытаньня сацыёлягі падзялілі ўдзельнікаў на тры групы паводле ўзроўню навуковай граматнасьці: невысокі ўзровень (21%), сярэдні (44%) і высокі (35%).
Пры гэтым у групе з высокім узроўнем навуковай граматнасьці пераважае моладзь: 61% 18–24-гадовых давалі 5 і больш правільных адказаў. У гэтай групе таксама больш карыстальнікаў інтэрнэту — 49%. У групе зь невысокай навуковай граматнасьцю 43% тых, хто актыўна глядзіць тэлевізар.