Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
Максіму Куроўскаму 40 гадоў, скончыў мясцовую школу, пасьля Акадэмію МУС. Працаваў опэрупаўнаважаным групы наркакантролю і процідзеяньня гандлю людзьмі Пружанскага РАУС.
Затым — сьледчы Пружанскага райаддзелу Сьледчага камітэту. Звольніўся ў 2020 годзе.
Куроўскі жанаты, мае дзьвюх малых дачок. Жонка працавала настаўніцай пачатковых клясаў.
Куроўскага затрымалі некалькі дзён таму. Акрамя яго, вядома мінімум пра траіх затрыманых з Пружаны.
Як вынікае з паведамленьняў сілавікоў, прэтэнзіі ўзьніклі да камэнтароў, якія былы сьледчы пакідаў у тэлеграм-чатах. Гэтыя камэнтары ён пісаў на беларускай мове.
Скрыншоты паведамленьняў выклаў канал, зьвязаны зь сілавікамі.
На відэа, якое апублікаваў берасьцейскі ГУБАЗіК, Максім Куроўскі кажа, што яго падазраюць у напісаньні камэнтароў, якія абражаюць Лукашэнку. Гэта артыкул 368 КК, пакараньне па якім — ад штрафу да 4 гадоў калёніі.