Некалькі крыніц пацьвердзілі «НН», што ў прыватным мэдцэнтры «ЛОДЭ» пачаліся масавыя звальненьні. Сьпіс неляяльных мэдыкаў прыйшоў «зьверху», паведамляе выданьне. Людзям, чые імёны ў сьпісе, паведамляюць, што зь імі ня могуць працягваць супрацоўніцтва.
«Некаторым прапануюць узяць іх на парукі або арганізаваць „пакаяльнае“ відэа ці ліст. Людзі рэагуюць па-рознаму. У асноўным кажуць, што асабліва няма ў чым каяцца», — расказалі газэце.
Таксама мэдыкам пагражаюць, што дактарам са сьпісу будзе забароненая праца ва ўсіх мэдыцынскіх цэнтрах.
Вядома, што некалькі вядучых спэцыялістаў хірургічных спэцыяльнасьцяў пад сьледзтвам, у сьпісе на звальненьне больш за дзясятак дактароў.
Тым часам «пакаяльныя» ролікі мэдыкаў (пакуль што зьдзяржаўных устаноў) пачалі зьяўляцца ў «Мінскай праўдзе» — выданьні, якое стала вядома дзякуючы адыёзным карыкатурам, якія распальваюць варожасьць.
З пачатку тыдня на Youtube-канале выданьня выйшлі два такія відэа запар. Гераіняй першага інтэрвію стала 29-гадовая лекар-кардыёляг Менскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі Марыя Бірук, паведамляе Zerkalo.io. Гераіня другога інтэрвію, якое прадублявалі і на сайце, — 22-гадовая мэдсястра гарадзкой паліклінікі № 23 Яна Бярвінская.
Мэдработнікі расказваюць, што выходзілі на пратэсты ў 2020 годзе «пад ціскам сацсетак», а цяпер шкадуюць. Таксама ў відэароліках мэдыкі кажуць, што іх задавальняе заробак і ім падабаецца жыць і працаваць у сёньняшняй Беларусі.