Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская адказала крытыкам: «Перамены не настануць ад таго, што мы папрызначаем адно аднаго на розныя пасады»


Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Бэрлін, 20 ліпеня 2022
Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Бэрлін, 20 ліпеня 2022

Па завяршэньні трохдзённага візыту ў Нямеччыну дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала для Свабоды папрокі і крытыку, што гучыць у яе адрас, а таксама падсумавала галоўныя вынікі візыту.

— На форуме дэмакратычных сілаў, які прайшоў тут жа, у Бэрліне, тыдзень таму, гучала крытыка вас і вашай каманды. Якой вам бачыцца мэта гэта форуму і ці дасягнутая яна? Як бы вы адказалі на крытыку?

— Я разумею, што ёсьць людзі, не задаволеныя нашай працай, але ж у нас адна мэта. Ведаеце, я там пачула, што мы, я і офіс, робім недастаткова. Можа, і так. Але ці магчыма рабіць дастаткова? Робім, што можам. І вы рабіце. Таксама пачула, што Ціханоўская, маўляў, павінна перадаць уладу. Ведаеце, мне «ўлада» не патрэбна. Мне важна дарабіць тое, што пачалі: вызваліць людзей і давесьці краіну да свабодных выбараў. Ад таго, што мы папрызначаем адно аднаго на розныя пасады, перамены не настануць. Трэба цярпліва працаваць, шукаць, што аб’ядноўвае, не даваць крыўдам кіраваць намі.

Сьвятлана Ціханоўская на цырымоніі, прысьвечанай 78-м угодкам замаху на Гітлера ў Бэрліне
Сьвятлана Ціханоўская на цырымоніі, прысьвечанай 78-м угодкам замаху на Гітлера ў Бэрліне

— Ваш візыт у Нямеччыну быў прысьвечаны ня толькі мэмарыяльным мерапрыемствам, гэта і палітычны візыт. Раскажыце пра яго вынікі.

— У Нямеччыне зараз абмяркоўваюць стратэгію па Ўкраіне, дык для мяне важна было дабіцца, каб за Ўкраінай не згубілася Беларусь. Мы стаім перад пагрозай страты незалежнасьці, і ў Бэрліне мяне пачулі. Мы дамовіліся, што ў G-7 падымуць пытаньне Беларусі, будзе заява з пазыцыяй. Рыхтуемся да Генасамблеі ААН і плянуем слуханьні аб Беларусі «на палях». Важна, што Нямеччына не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам, і падчас сустрэч гэта прагучала досыць выразна. Я падзякавала за падтрымку плятформы для збору доказаў злачынстваў рэжыму. Спадзяёмся, што ўдасца зрушыць зь месца справы ва ўнівэрсальнай юрысдыкцыі. Падзякавала за мабільны шпіталь, які мы перадалі беларускім мэдыкам ва Ўкраіну; магчыма, будзе больш дапамогі мэдыкам. Мы дамовіліся, што Нямеччына здыме абмежаваньні на выдачу візаў у Менску: сапраўды Нямеччына сярод лідэраў у візах. Мне ня трэба было тлумачыць, што рэжым і народ — розныя рэчы. Усе вялікія СМІ пішуць пра Беларусь.

Ціханоўская і прадстаўнікі Федэральнай асацыяцыі нямецкай прамысловасьці, Бэрлін, 21 ліпеня 2022
Ціханоўская і прадстаўнікі Федэральнай асацыяцыі нямецкай прамысловасьці, Бэрлін, 21 ліпеня 2022

— Вы сустракаліся з Ангелай Мэркель. Ці будзе сустрэча зь цяперашнім канцлерам Оляфам Шольцам? Наколькі ва ўмовах вайны тэма Беларусі актуальная для нямецкіх палітыкаў?

— Я сустракалася з Оляфам Шольцам мінімум двойчы, але да таго, як ён афіцыйна заступіў на пасаду. У нас добрыя адносіны: зь ім і ягоным кабінэтам. 21 ліпеня я сустрэлася з кіраўніком ягонай адміністрацыі, мы размаўлялі паўтары гадзіны. Шмат увагі прысьвяцілі палітвязьням, супольным дзеяньням у міжнародных арганізацыям, абмеркавалі сцэнары разьвіцьця падзеяў у выпадку ўступленьня беларускіх войскаў ва Ўкраіну. Беларусь зараз найперш цікавая ў кантэксьце вайны з Украінай; тут разумеюць, што, калі б не Лукашэнка, магчыма, і вайны не было б. Цікава, што ўрадавая кааліцыя і апазыцыя ў нейкай ступені спаборнічаюць у пытаньнях Беларусі: хто больш робіць. Вялікую справу робіць беларуская дыяспара, арганізацыя «Разам» не дае Беларусі пакінуць парадак дня.

Сьвятлана Ціханоўская з беларускай дыяспарай. Бэрлін, 20 ліпеня 2022
Сьвятлана Ціханоўская з беларускай дыяспарай. Бэрлін, 20 ліпеня 2022

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG