Беларуску Яну Пінчук экстрадуюць з Расеі, піша тэлеграм-канал «Свабоду Яне Пінчук!».
Рашэньне суду аб экстрадыцыі «Медиазоне» патлумачыла адвакатка Яны Пінчук Марыя Бяляева:
«Так, на гэта 15 дзён. Калі менавіта, ніхто ня ведае».
У ліпені Камітэт правоўка чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь палітзьняволенай Яны Пінчук і забясьпечыць абарону яе жыцьця і недатыкальнасьці да разгляду камітэтам яе скаргі.
На радзіме Яне пагражае пакараньне за ўдзел у стварэньні апазыцыйных тэлеграм-каналаў «Віцебск 97%», «Ворша 97%» і «Наваполацк і Полацк 97%».
Гэта першы выпадак умяшаньня структуры ААН у справы аб дэпартацыі з Расеі беларускіх апазыцыянэраў, сказала ў камэнтары Бі-бі-сі адвакатка дзяўчыны Марыя Бяляева. Да гэтага часу праваабаронцам удавалася прыпыніць дэпартацыю з дапамогай Эўрапейскага суду ў правах чалавека — але расейскія ўлады адмовіліся ад выкананьня яго рашэньняў пасьля выключэньня Расеі з Рады Эўропы.
Яна Пінчук знаходзіцца ў СІЗА Пецярбурга зь лістапада 2021 году.
Муж Яны паведаміў раней у інтэрвію «Мэдыязоне», што Пінчук хварэе «ўжо амаль месяц» і не атрымлівае ніякай мэдычнай дапамогі. Нягледзячы на тэмпэратуру 39 градусаў, ёй не давалі лекаў.
«Мы пісалі скаргу ў пракуратуру пра гэта, але зноў жа беспасьпяхова. На гэты момант тэмпэратуры няма, але застаўся моцны кашаль, а, улічваючы хранічную астму Яны, гэта можа прывесьці да цяжкіх наступстваў. А цяпер стала вядома, што на працягу 4 дзён у Яны балела рука, а сёньня раніцай яна перастала яе адчуваць і ня можа ёю паварушыць. Замест абавязковай мэддапамогі, Яна зафіксавала руку кардонкай і бінтам», — цытуюць Мікіту Сафронава ў канале.
- 24-гадовая Яна Пінчук знаходзіцца ў СІЗА Пецярбургу зь лістапада 2021 году. Яе затрымалі ў пецярбурскай кватэры і празь дзень арыштавалі. У Беларусі ёй завочна выставілі абвінавачаньне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ. На радзіме ёй пагражае пазбаўленьне волі за ўдзел у стварэньні апазыцыйных тэлеграм-каналаў «Віцебск 97%», «Ворша 97%» і «Наваполацк і Полацк 97%».
- Расейская пракуратура пагадзілася яе выдаць паводле трох зь іх: аб распальваньні сацыяльнай варожасьці, закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі і стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня.
- Камітэт правоў чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь Яны Пінчук і забясьпечыць абарону яе жыцьця і недатыкальнасьці да разгляду камітэтам яе скаргі.