Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта паказвае, як шмат зьмянілася пасьля Ўкраіны». Эрдаган прымусіў Пуціна, вядомага сваімі спазьненьнямі, няёмка чакаць у самоце


Пуцін у чаканьні Эрдагана. Скрыншот зь відэа
Пуцін у чаканьні Эрдагана. Скрыншот зь відэа

Расейскі прэзыдэнт перад перамовамі ў Тэгеране застаўся стаяць у адзіноце, калі затворы камэр пстрыкнулі — абыходжаньне, якое ён звычайна прымяняе для іншых сусьветных лідэраў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін няёмка стаіць перад натоўпам журналістаў, чакаючы сустрэчы са сваім турэцкім калегам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. На кадрах, зьнятых перад сустрэчай у аўторак, відаць, як Пуцін мнецца, пераступаючы з нагі на нагу і строячы грымасы перад камэрамі цягам амаль хвіліны, перш чым яго нарэшце вітае Эрдаган.

Гэта была новая сытуацыя для расейскага лідэра, які зарабіў рэпутацыю чалавека, які наўмысна прымушае сусьветных лідэраў чакаць заплянаваных перамоваў, часам некалькі гадзінаў. Некаторыя выказалі здагадку, што гэта магло быць адплатай за сустрэчу 2020 году ў Маскве, на якой Эрдаган так доўга чакаў, каб увайсьці ў канфэрэнц-залю, што ў выніку сеў, піша The Guardian.

Журналісты падлавілі момант, калі Пуцін увайшоў у пакой у аўторак, чакаючы, што Эрдаган зробіць тое самае. Замест гэтага ён застаўся стаяць адзін сярод гуку затвораў фотаапаратаў.

Склаўшы рукі перад сабой, звычайна ўстойлівы расейскі лідэр шоргаў нагой, крывіў вусны і ўцягваў шчокі цягам 50-сэкунднага чаканьня. Нарэшце Пуцін з адценьнем раздражненьня апусьціў рукі па баках, калі Эрдаган нязмушана зьявіўся, і пара абмянялася поціскам рукі.

«Гэтыя 50 сэкундаў, якія Эрдаган прымусіў Пуціна чакаць, выглядаючы змучаным перад камэрамі, сьведчаць пра тое, як шмат зьмянілася пасьля Ўкраіны», — напісала Джойс Карам, старшы карэспандэнт блізкаўсходняй мэдыяарганізацыі National News, у сваім пасьце ў Twitter.

Карам назвала гэта «салодкай помстай» для Эрдагана пасьля таго, як Пуцін пакінуў турэцкага лідэра чакаць у перадпакоі каля дзьвюх хвілін да сустрэчы ў 2020 годзе. Гэтыя кадры шырока распаўсюдзілі расейскія агенцтвы навін.

Некаторыя мяркуюць, што спазьненьні Пуціна на сустрэчы зь міжнароднымі лідэрамі — гэта вывераная псыхалягічная палітыка, якая ўзыходзіць да першых дзён яго прэзыдэнцтва.

  • У 2003 годзе Пуцін спазьніўся да каралевы на 14 хвілін, а годам раней прымусіў бацькоў дзяцей, якія загінулі ў авіякатастрофе, чакаць на могілках дзьве гадзіны.
  • Пуцін спазьніўся на гадзіну на сустрэчу з Папам Францішкам у Ватыкане ў чэрвені 2015 году.
  • У 2018 годзе тагачаснаму прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу давялося чакаць 45 хвілін перад заплянаванай сустрэчай на вышэйшым узроўні ў Хэльсынкі з прэзыдэнтам Расеі.
  • Ангеле Мэркель давялося чакаць сустрэчы з Пуціным чатыры гадзіны і 15 хвілін у 2014-м.
  • Віктар Януковіч, калі ён быў прэзыдэнтам Украіны, аднойчы чакаў чатыры гадзіны, перш чым сесьці за стол з расейскім лідэрам. Пуцін ня раз спазьняўся і на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG