Калі закон будзе прыняты, валодаць жывёламі можна будзе толькі са спэцыяльным дазволам урадавай камісіі. За ўвоз у Іран любых жывёлаў будзе прадугледжаны штраф у памеры каля 800 даляраў. Іх лічаць «знакам вэстэрнізацыі», непрымальнай для краіны.
Па словах прэзыдэнта Асацыяцыі вэтэрынараў Ірану і праціўніка законапраекту доктара Паяма Махебі, дэбаты з гэтай нагоды пачаліся больш за дзесяць гадоў таму. Тады законапраект ня быў ухвалены, хаця да яго абмеркаваньня пэрыядычна вярталіся. Аднак на фоне цяперашняга ўзмацненьня кансэрватыўных настрояў у Іране законапраект можа быць ухвалены найбліжэйшым часам.
У сьпісе жывёлаў, якіх датычыцца законапраект, ня толькі сабакі, але і каты і многія іншыя віды.
Карэспандэнт ВВС у Тэгеране таксама паведамляе, што ў іранскіх гарадах пачасьціліся выпадкі арыштаў за выгул сабак у парках і іншых грамадзкіх месцах. Жывёлаў у арыштаваных адбіраюць.
- Насуперак распаўсюджанаму стэрэатыпу, Каран не забараняе мусульманам трымаць сабак, калі тыя прыносяць карысьць, напрыклад як ахоўнікі ці памочнікі ў паляваньні. Мусульманскія багасловы лічаць рытуальна нячыстымі сабачую сьліну і шэрсьць і рэкамэндуюць трымаць сабак не ў жытле, а ў двары. Забароны на ўтрыманьне іншых жывёлаў — катоў, птушак, хамячкоў, трусоў, — у ісламе няма. Паводле мусульманскіх паданьняў, каты былі любімымі жывёламі прарока Мухамэда.
- Да «ісламскай рэвалюцыі» 1979 году Іран быў адной з самых прагрэсіўных усходніх краінаў у стаўленьні да ўтрыманьня свойскіх жывёлаў. Ён першым на Блізкім Усходзе прыняў законы аб абароне жывёлаў; у 1948 годзе тут зьявілася першая дзяржаўная арганізацыя, якая кантралявала яго выкананьне. Сабакі былі нават у чальцоў каралеўскай сям’і. Адна з самых папулярных у сьвеце парод катоў — пэрсыдзкая — была выведзена ў Іране (Пэрсіі). У Тэгеране дзейнічае музэй, прысьвечаны гісторыі гэтай пароды.