Паводле слоў Білатайце, неабходна на заканадаўчым узроўні даць магчымасьць дзяржавам-чальцам ЭЗ забясьпечыць эфэктыўнае рэагаваньне ў выпадках інструмэнталізацыі міграцыі і гібрыднай атакі. Летась так званыя развароты мігрантаў (push-back), якія ўжо трапілі ў Літву, назад у Беларусь, у ЭЗ назвалі незаконнай.
Білатайце згадала, што пра гэта гавораць ужо амаль год, а заканадаўства ЭЗ пакуль не дае магчымасьці краінам-чальцам абараняцца ад гібрыдных атак рэжыму ў Беларусі на зьнешняй мяжы ЭЗ і не прадухіляе злоўжываньняў сыстэмай прадастаўленьня прытулку.
«Меры, зробленыя на нацыянальным узроўні, былі адзіным эфэктыўным спосабам сарваць плян Лукашэнкі. Мы заўсёды кансультаваліся з Эўракамісіяй адносна нашых рашэньняў і будзем працягваць гэта рабіць», — адзначыла Білатайце ў прэс-рэлізе МУС.
Летась зь Беларусі ў Літву нелегальна прыбылі амаль 4,2 тысячы мігрантаў, у асноўным з краін Блізкага Усходу і Афрыкі. Літва называе плынь мігрантаў зь Беларусі гібрыднай атакай менскага рэжыму.
Спыніць паток мігрантаў удалося, калі ў пачатку жніўня мінулага года пачала прымяняцца так званая палітыка развароту, але яна выклікала крытыку з боку праваабарончай арганізацыі Amnesty International і Суда Справядлівасьці Эўразьвязу. 30 чэрвеня гэты суд абвясьціў, што літоўскія прававыя нормы, якія не дазваляюць нелегальным мігрантам падаваць прашэньне аб прытулку і дазваляюць затрымліваць іх проста за нелегальны ўезд у краіну, супярэчаць эўрапейскім дырэктывам.
Міністарка ўнутраных спраў, у сваю чаргу, заявіла, што Літва павінна абараняцца і не адступацца ад сваіх рашэньняў у дачыненьні да мігрантаў.