Камандзір батальёну «Волат» Іван «Брэст» Марчук і ягоная густая барада сталі аднымі з сымбаляў палку імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер змагаецца на баку Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі. Адказы на пытаньні Іван дасылаў Свабодзе за дзень да сьмерці. Усіх адказаў ён так і не пасьпеў запісаць, абяцаў іх прыслаць пасьля баявога заданьня. У выніку гутарка засталася няскончанай. Як гаварылі ягоныя саслужыўцы, «Брэст» ішоў у бой заўжды першым. Нават на апошняе заданьне быў варыянт ня ехаць, бо трэба было вырашыць унутраныя пытаньні палка. Але «Брэст» выбраў ехаць. Загінуў ён у баях пад Севераданецкам. Івану было 28 гадоў.