Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За лісты палітзьняволенай журналістцы Андрэевай і фота з пратэстаў перасьледавалі цэлую сям’ю


Дзяніс Гурэцкі
Дзяніс Гурэцкі

Дзяніс Гурэцкі, ягоная жонка і сястра жонкі трапілі пад рэпрэсіі за фота з пратэстаў, якое знайшлі сілавікі ў канфіскаваным вінчэстэры. Дзяніс і сястра ягонай жонкі прайшлі ізалятар на Акрэсьціна і СІЗА на Валадарскага. Жонка Дзяніса тым часам сядзела пад бомбамі ў Кіеве.

«Да жонкі прыйшлі толькі таму, што яна пісала лісты сяброўцы ў турму»

Усе трое сфатаграфаваліся зь бел-чырвона-белым сьцягам на адным з маршаў у Менску ўвосень 2020 году, расказаў Дзяніс BPN. Фатаграфія захоўвалася ў кампутары жонкі Дар’і.

«Дар’я сябравала зь вядомай журналісткай Кацярынай Андрэевай. Калі Кацю пасадзілі, жонка пісала ёй лісты. Яна пісала і іншым палітвязьням. Толькі празь лісты Андрэевай і прыйшлі міліцыянты з „прафіляктычнай гутаркай“. Маўляў, навошта вам гэта трэба, навошта вы пішаце лісты палітвязьням, чым вы незадаволеныя? Яны забралі вінчэстар, дзе была тая самая фатаграфія. Але далей была цішыня, ніхто па нас не прыходзіў», — кажа Дзяніс.

Жонка ўсё ж была вымушаная выехаць — спачатку ў Грузію, затым ва Ўкраіну.

«У Кіеў яна перабралася ў канцы 2021 году. Працавала графічным дызайнэрам. Я езьдзіў да яе некалькі разоў. Мы там сустракалі 2022 год. Быў у яе тыдзень у лютым, з 7-га па 15-га. І вось 24 лютага раніцай яна напісала мне: «Зь першым днём вайны!».

Нягледзячы на бамбаваньні, Дар’я заставалася ў Кіеве.

Па Дзяніса прыйшлі 13 траўня.

«Па ўсім ГУБАЗіКу віселі сымбалі V, Z і словы падтрымкі расейскім вайскоўцам»

Спачатку Гурэцкаму далі 15 сутак за «дробнае хуліганства»: нібыта ён мацюкаўся на вуліцы і не рэагаваў на заўвагі міліцыі.

«Многія мае сукамэрнікі сядзелі па гэтым жа артыкуле. Толькі іх абвінавачвалі ў тым, што яны прыйшлі ў аддзяленьне міліцыі і рэзка пачалі там хуліганіць. Напрыклад, скідалі алоўкі са стала міліцыянта. Забралі мяне і сястру жонкі. За той самы фатаздымак. Відаць, ворагі пачалі заканчвацца, пачалі забіраць усіх запар. Хтосьці быў на нейкіх фота, кагосьці затрымлівалі ў 2020-м. Біць мяне ня білі, але абражалі», — успамінае Дзяніс.

Ён быў уражаны, што ў будынку ГУБАЗіКу віселі сымбалі расейскай агрэсіі, літары V і Z, плякаты «За наших!», «Сила в правде!».

«Гэта для мяне была поўная дзікасьць. Усё ж гэта беларускія міліцыянты. А расейскія войскі яны называлі сваімі. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу ведалі, дзе мая жонка, і сталі казаць: «Што, не забіла тваю жонку ў Кіеве?» Я адказаў: «Не дачакаецеся». Рэакцыя: «Вось якія жывучыя змагары, не падыхаюць».

Дзяніс «пакаяўся» на камеру: «Разумеў, што супраціўляцца сэнсу няма. Прымусяць так ці інакш».

Яго адправілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

Пасьля Акрэсьціна і Валадаркі пакінулі краіну

Дзяніса кінулі ў камэру на чатырох, дзе сядзелі 18 чалавек. Не было матрацаў, пасьцельнай бялізны, перадач. Затое былі бяздомнікі з вошамі.

«Мы іх адсаджвалі далей у куток. Прымушалі мыцца. У нас быў імправізаваны душ з плястыкавых бутэлек. Бяздомным было як пакараньне знаходзіцца з намі, бо мы іх прымушалі прыбіраць за сабой, мыцца, яны да гэтага не прывыклі».

Зь ЦІПу Дзяніс трапіў у ІЧУ.

«Там быў 10 дзён. Мы сядзелі ў карцары. Было страшэнна холадна. Спалі на падлозе. Многія прастудзіліся. Асабліва цяжка было хлопцу пасьля пералому. У яго ў назе мэталічныя сьпіцы, а ён вымушаны быў ляжаць на бэтоне. Потым на мяне завялі крымінальную справу за „беспарадкі“ і перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Там было вельмі няблага для турмы пасьля Акрэсьціна».

У СІЗА ён меў матрац, пасьцельную бялізну, затрыманых вадзілі ў душ, ім аддавалі перадачы.

«Не хачу нікога абяляць, але супрацоўнікі на Валадарскага ставіліся да нас параўнальна нармальна. Калі параўноўваць з тымі, з Акрэсьціна, дык увогуле добра. На Акрэсьціна працуюць поўныя адмарозкі. Яны рэтрансьлююць толькі тое, што чулі ў тэлевізары. Пра загніваньне Захаду, пра „змагароў“. Там працуюць два былыя амапаўцы, якіх выгналі са службы за „неналежныя паводзіны“. Ім, відаць, няма куды больш падзецца. Мая асабістая думка: супрацоўнікі СІЗА жывуць у горадзе, іх многія ведаюць, таму асабліва не вызначаюцца жорсткасьцю. Ва ўсіх ёсьць сваякі, знаёмыя. Але пра супрацоўнікаў на Акрэсьціна можна сказаць толькі тое, што казаў: гэта проста адмарожаныя людзі».

Дзяніс прабыў у турме амаль тры месяцы. 26 жніўня быў суд. За «ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 КК) яму прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі» (абмежаваньне свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) і вызвалілі ў залі суду.

«Хатнюю хімію» атрымала і сястра жонкі. Яна таксама правяла тры месяцы ў СІЗА.

На момант вызваленьня Дзяніса жонка Дар’я ўжо была ў Варшаве. Яна зьвязалася з фондам BySol і папрасіла дапамогі ў эвакуацыі мужа і сястры. Сям’я ўзьядналася ў сталіцы Польшчы. Дзяніс ужо ўладкаваўся на працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG