«25 студзеня пачалося ўзьвядзеньне фізычнага бар’ера на польска-беларускай мяжы. Сёньня работы падыходзяць да канца», — гаворыцца ў паведамленьні Памежнай варты.
Таксама польскія памежнікі выклалі відэа, на якім паказалі агароджу.
Працягласьць плота на тэрыторыі Любельскага і Падляскага ваяводзтваў складае 186,25 км. Для яго будаўніцтва спатрэбілася 49 тыс. тон сталі. Загарода вышынёй 5,5 м таксама забясьпечана калючым дротам.
Шэраг беларускіх і польскіх эколягаў актыўна выступалі супраць ідэі будаўніцтва загароды. Яны сьцьвярджалі, што яна стане перашкодай для натуральнай міграцыі жывёлаў, заблякуе шляхі мядзьведзяў, зуброў, ваўкоў, аленяў і ласёў. «Калючка» паўзьверх плота будзе пагрозай для птушак. Зубры, напрыклад, ня здолеюць выкарыстаць выдатныя месцы для ацёлу, для кармавой базы, ня будзе абмену генамі.
Паводле эколягаў, новая сьцяна можа аказваць нэгатыўны ўплыў на папуляцыі жывёлаў і празь дзесяцігодзьдзі. Раней амаль 1800 навукоўцаў падпісалі зварот да Эўракамісіі на сайце naukadlaprzyrody.pl з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва агароджы.
У памежнай службе Польшчы сёньня па выніках будаўніцтва агароджы адзначылі, што ў ёй прадугледжаны 24 вялікія праходы для пропуску буйных жывёлаў, а таксама 140 тысяч «дзірак» для дробных.