За адпаведны праект пастановы Сойму прагаласавалі 80 парлямэнтароў, супраць былі 7, устрымаліся 28 палітыкаў.
Уносячы праект аб падаўжэньні надзвычайнай сытуацыі сьпікер Сойму Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла, што пагроза для грамадзкага спакою не зьмяншаецца, працягваецца ваенная агрэсія Расеі ва Ўкраіне, працягваюцца злачынствы супраць чалавечнасьці, і іх маштабы толькі павялічваюцца. Акрамя таго, па словах кіраўніцы парлямэнту, у Расеі ўзмацняецца рыторыка пагроз у адрас дзяржаў, якія падтрымліваюць Украіну, піша партал Delfi.
Так, на час дзеяньня рэжыму надзвычайнай сытуацыі забараняецца, сярод іншага, рэтрансляваць або распаўсюджваць у інтэрнэце «радыё- і тэлепраграмы арганізацый, створаных, непасрэдна ці ўскосна кантраляваных або фінансаваных РФ або Беларусьсю, за выключэньнем выпадкаў, калі Камісія па тэлевізіі і радыёвяшчаньні Літвы дае на тое дазвол».
У Літве таксама забаронена «арганізоўваць і праводзіць сходы з мэтай падтрымкі ў любой форме і маштабе дзеяньняў Расеі і Беларусі, што прывялі да ўвядзеньня надзвычайнай сытуацыі».
Ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі зь дзяржрэзэрву выдзяляюцца сродкі для належнага прыёму іншаземцаў, якія ўцякаюць ад вайны, для падтрымкі Ўкраіны, ліквідацыі пагроз нацыянальнай бясьпецы і інш.
На гэты пэрыяд узмацняецца ахова крытычна важных аб'ектаў, а таксама абарона вонкавай мяжы Эўразьвязу. Сярод іншага ўзмацняецца візавы рэжым для іншаземцаў — прыпыняецца выдача візаў грамадзянам РФ і Беларусі (за выключэньнем выпадкаў, калі пасярэднікам у выдачы выступае МЗС Літвы).