У 2017 годзе ўдзельнікі Орхускай Канвэнцыі прызналі перасьлед антыядзерных актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, парушэньнем Канвэнцыі.
У жніўні 2021 году з палітычных матываў была ліквідаваная найстарэйшая экалягічная грамадзкая арганізацыя Беларусі — грамадзкае аб’яднаньне «Экадом». У кастрычніку таго ж году Сустрэча Бакоў прызнала ліквідацыю «Экадому» першым у гісторыі Канвэнцыі выпадкам перасьледу і прыгнёту НДА за яе дзейнасьць, запатрабаваўшы аднавіць легальны статус арганізацыі. Аднак чыноўнікі Беларусі не зрабілі гэтага, і з 1 лютага 2022 году Беларусь была абмежаваная ў асаблівых правах і прывілеях згодна з Орхускай Канвэнцыяй.
Нягледзячы на тое, што афіцыйны Менск пагражаў выхадам з Канвэнцыі, Беларусь працягвае заставацца яе бокам, і мандат спэцыяльнага дакладчыка будзе распаўсюджвацца і на Беларусь.
Чым будзе займацца спэцдакладчык?
Паводле прадстаўнікоў «Экадому», гэты мэханізм створаны для хуткага рэагаваньня ў выпадку перасьледу і ціску на экаактывістаў, бо такія выпадкі істотна парушаюць палажэньні Канвэнцыі і патрабуюць неадкладнай рэакцыі, якая ўяўляецца немагчымай пры разглядзе спраў у агульным парадку.
У адпаведнасьці з Мандатам, спэцдакладчык будзе прымяняць дыпляматычныя меры і інфармацыйна мабілізаваць грамадзкасьць для абароны любой асобы, якая зазнае перасьлед, пакараньні і ўціск або знаходзіцца пад немінучай пагрозай перасьледу за спробы ажыцьцявіць свае правы ў адпаведнасьці з Орхускай канвэнцыяй.