Патрушаў заявіў, што Расея адрэагуе на «варожыя» дзеяньні літоўскіх уладаў. «Меры прапрацоўваюцца ў міжведамасным фармаце і будуць прыняты ў найбліжэйшы час. Іх наступствы акажуць сур’ёзны нэгатыўны ўплыў на насельніцтва Літвы», — прыводзіць яго словы Інтэрфакс.
На думку Патрушава, «блякада» з боку Літвы паходзіць «з падачы краін Захаду». Гэты прыклад, заявіў ён, «паказвае, што нельга давяраць ня толькі вусным заявам Захаду, але і пісьмовым таксама».
Літва абвясьціла, што з 18 чэрвеня спыніла чыгуначны транзыт часткі грузаў з асноўнай тэрыторыі Расеі ў Калінінград у адпаведнасьці з санкцыямі ЭЗ. Намесьнік кіраўніка МЗС Літвы Мантас Адаменас раней адзначыў, што Літва чакае ад Эўракамісіі тлумачэньняў адносна выкарыстаньня эўрапейскага санкцыйнага рэжыму.
МЗС Расеі 20 чэрвеня запатрабавала ад Літвы «неадкладнай адмены» забароны на чыгуначны транзыт грузаў. Для гэтага ў ведамства выклікалі кіраўніцу літоўскай дыпляматычнай місіі Віргінію Умбрасене. «Калі ў хуткім часе грузавы транзыт паміж Калінінградзкай вобласьцю і астатняй тэрыторыяй РФ празь Літву ня будзе адноўлены ў поўным абʼёме, то Расея пакідае за сабой права на дзеяньні па абароне сваіх нацыянальных інтарэсаў», — было сказана ў прэс-рэлізе зьнешнепалітычнага ведамства.
МЗС Літвы пазьней накіравала часоваму паверанаму ў справах Расеі Сяргею Рабаконю ноту, дзе гаворыцца, што пасажыры і тавары, на якія не распаўсюджваецца санкцыйны рэжым ЭЗ, працягваюць перавозіцца па тэрыторыі Літвы ў Калінінградзкую вобласьць і зь яе. «Літва ня ўводзіла ніякіх аднабаковых, індывідуальных або дадатковых абмежаваньняў на гэты транзыт. Літва пасьлядоўна рэалізуе санкцыі ЭЗ, якія маюць розныя пераходныя пэрыяды і тэрміны ўступленьня ў сілу», — гаварылася ў паведамленьні літоўскага МЗС.