Бернштэйн — прадпрымальнік і аўтар Вікіпэдыі, нагадвае Вясна. Ён вядомы ва ўсім сьвеце як Pessimist2006 — топавы рэдактар «Вікіпэдыі». Беларус уваходзіць у сьпіс «топ-50 найлепшых аўтараў сэгмента на расейскай мове».
Агулам за сваю дзейнасьць у Вікіпэдыі Бернштэйн унёс 212 тысяч правак. Шмат пісаў аб Галакосьце, гісторыі СССР, найноўшай гісторыі Беларусі. У сакавіку 2022 году быў сярод тых, хто шмат правіў у артыкуле «Вторжение Росии на Украину».
11 сакавіка яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, а ў іх тэлеграм-канале было апублікаванае фота з надпісам: «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы». Спачатку яго асудзілі на 15 сутак, а потым завялі крымінальную справу па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадўкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Праваабаронцы заклікаюць пісаць палітвязьню: СІЗА-1, 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Марк Ізрайлевіч Бернштэйн.