Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамічны спад у Расеі зьвядзе на нуль 15 гадоў дасягненьняў — Інстытут міжнародных фінансаў


Парад 9 траўня ў Маскве. Ілюстрацыйнае фота.
Парад 9 траўня ў Маскве. Ілюстрацыйнае фота.

Эканоміка Расеі скароціцца на 15% у 2022 годзе і на 3% — у 2023 годзе. Такім чынам, удар ад заходніх санкцый, зыход замежных кампаній, «уцечка мазгоў» і каляпс у галіне экспарту зьвядуць на нуль 15 гадоў дасягненьняў.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аб эканоміцы Расеі пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне Інстытута міжнародных фінансаў (Institute of International Finance, IIF).

Заходнія санкцыі справакавалі «поўную дэзінтэграцыю 30-гадовых інвэстыцый», лічыць Эліна Рыбакова, намесьніца галоўнага эканаміста Інстытута міжнародных фінансаў.

На яе думку, калі Эўропа адмовіцца ад экспарту расейскіх энэрганосьбітаў, эканоміка працерпіць яшчэ больш у сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

Рыбакова адзначыла, што аднаўленьне рубля пасьля першапачатковага краху не трэба расцэньваць як тое, што расейская эканоміка больш устойлівая, чым чакалася. Паводле яе слоў, у расейскіх банкаў дастаткова валютных рэзэрваў, паколькі імпарт упаў, але расейскім прадпрыемствам і спажыўцам няма на што іх траціць.

Замест гэтага ўзьдзеяньне санкцый з часам будзе ўзмацняцца, асабліва калі Эўрапейскі Зьвяз значна скароціць імпарт нафты і газу, хаця, як адзначае Рыбакова, на гэта могуць спатрэбіцца месяцы, калі не гады.

IIF прагназуе, што валавое назапашваньне асноўнага капіталу ў Расеі скароціцца на 25% у 2022 годзе, імпарт — на 28%, а экспарт — на 25%.

«Нягледзячы на значныя крокі, зробленыя з канца лютага, мы далёкія ад піка эскаляцыі», — адзначаюць аўтары IIF у сваёй справаздачы.

Па іх ацэнках, дадатковыя санкцыі, якія тычацца, напрыклад, фінансавай сыстэмы і ключавых кірункаў расейскага экспарту (і імпарту), могуць прывесьці да «драматычных наступстваў для расейскай эканомікі». «Аднак кошт гэтых дзеяньняў можа быць значным і для краін, якія ўводзяць санкцыі», — гаворыцца ў справаздачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG