Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнаму тэлеканалу «Дождь», які прыпыніў працу ў Расеі на пачатку вайны, дазволілі аднавіць вяшчаньне ў Латвіі


Генэральны дырэктар тэлеканала «Дождь» Натальля Сіндзеева
Генэральны дырэктар тэлеканала «Дождь» Натальля Сіндзеева

Па дадзеных Нацыянальнай рады Латвіі па электронных СМІ (NEPLP, НСЭСМІ), тэлеканал «Дождь», які ў сакавіку абвясьціў аб прыпыненьні працы ў Расеі, з 9 чэрвеня можа аднавіць вяшчаньне з Латвіі. Аднак сама радэкцыя плянуе распачаць трансляцыю пазьней і рабіць гэта зьбіраецца адразу зь некалькіх краін.

Як растлумачыў кіраўнік NEPLP Івар Абаліньш, перамовы аб гэтым вяліся прыкладна тры месяцы. Удзельнічалі ў іх розныя прадпрымальнікі латвійскай мэдыясфэры, піша Delfi.

На пачатку сакавіка незалежны расейскі тэлеканал «Дождь» на час спыніў сваю дзейнасьць. Генэральны дырэктар канала Натальля Сіндзеева патлумачыла такое рашэньне законам аб распаўсюджваньні фэйкавых навін, які прыняла Дзярждума.

Нягледзячы на тое, што многія работнікі «Дождя», у тым ліку галоўны рэдактар Ціхан Дзядко, пакінулі Расею, бо немагчыма было бясьпечна працягваць працу ў краіне ў новых умовах, яны вялі журналісцкую дзейнасьць з-за мяжы. Таксама кіраўніцтва «Дождя» ўвесь час абмяркоўвала фармат, пры якім тэлеканал змог бы аднавіць трансьляцыю.

Так, сёньня стала вядома, што «Дождь» зьявіцца ў сьпісе зарэгістраваных у Латвіі каналаў 9 чэрвеня.

Аднак пазьней Ціхан Дзядко камэнтуючы гэтую навіну адзначыў у сваіх сацсетках, што паўнавартасна распачаць трансьляцыю тэлеканал 9 чэрвеня не зможа, а будзе аднаўляць вяшчаньне паступова з некалькіх студый у розных краінах – Латвіі, Галяндыі, Францыі і Грузіі.

«Пачнём з малога і паступова будзем пашырацца па эфірнай сетцы. Мы вельмі засумавалі, і, спадзяемся, вы – таксама. Усе падрабязнасьці хутка!», – напісаў Дзядко.

Раней паведамлялася, што ў Рыгу з Расеі ўжо перамясьціўся маскоўскі офіс нямецкага выданьня Deutsche Welle, гэтаксама як некаторыя іншыя расейскія незалежныя мэдыя.

Адначасова з навіной, што «Дождь» атрымаў дазвол на трансьляцыю, нацыянальная рада Латвіі па электронных СМІ абвясьціла пра забарону 80 расейскіх каналаў, якія да гэтага часу заставаліся даступныя на тэрыторыі краіны, адзначае Delfi.

Рашэньне набудзе моц таксама 9 чэрвеня. Пад забарону падпадаюць у асноўным каналы забаўляльнага характару: E TV, Иллюзион+, «Кино24», «Мир ТВ», «Охота и рыбалка», «Перец», «Русский Иллюзион» і іншыя.

Забарона накладзеная ў адпаведнасьці з новымі папраўкамі ў закон аб СМІ, прынятымі сэймам Латвіі 26 траўня. Яны абмяжоўваюць працу праграм замежных дзяржаў, якія пагражаюць сувэрэнітэту іншых краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG