Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вашынгтон дазволіў Вэнэсуэле пастаўляць нафту ў Эўропу, каб паменшыць яе залежнасьць ад Расеі і зьнізіць цэны на паліва


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

На фоне абмежаваньняў на экспарт расейскай нафты адміністрацыя Джо Байдэна дазволіла італьянскай (Eni SpA) і гішпанскай (Repsol SA) нафтавым кампаніям ужо ў наступным месяцы пачаць пастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Эўропу.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы.

Пастаўкі нафты, спыненыя два гады таму, калі Вашынгтон узмацніў санкцыі супраць Вэнэсуэлы, будуць ажыцьцяўляцца ў абмен на непагашаныя даўгі Каракасу і пратэрмінаваныя дывідэнды.

Аб’ём нафты, які, як чакаецца, атрымаюць Eni і Repsol, невялікі, паведаміла адна з крыніц, і любы ўплыў на сусьветныя цэны на нафту будзе нязначным. Аднак, дазвол Вашынгтона аднавіць даўно замарожаныя нафтавыя плыні Вэнэсуэлы ў Эўропу можа матываваць прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадура аднавіць перамовы з апазыцыяй.

Такім чынам, адміністрацыя прэзыдэнта Байдэна спадзяецца, што вэнэсуэльская нафта дапаможа Эўропе скараціць залежнасьць ад Расеі. Ключавой умовай зьяўляецца тое, што атрыманая нафта «павінна пайсьці ў Эўропу. Яна ня можа быць перапрададзена ў іншым месцы».

Вашынгтон разьлічвае, што найбуйнейшая дзяржаўная нафтагазавая кампанія Вэнэсуэлы Petróleos de Venezuela, Sociedad Anonima (PDVSA) не атрымае фінансавай выгады ад гэтых безнаяўных апэрацый, у адрозьненьне ад бягучых продажаў нафты Вэнэсуэлы ў Кітай. Кітай не далучыўся да заходніх санкцый супраць Расеі і працягвае купляць расейскую нафту і газ.

Вашынгтон не зрабіў аналягічных паслабленьняў для амэрыканскай нафтавай кампаніі Chevron, індыйскай Oil and Natural Gas Corp і францускай Maurel & Prom SA, якія таксама лабіявалі ў Дзярждэпартаменце і Мінфіне ЗША перадачу ім нафты ў залік мільярдаў даляраў даўгоў, назапашаных Вэнэсуэлай.
Усе пяць нафтавых кампаній спынілі абмен нафты на даўгі ў сярэдзіне 2020 году, у разгар кампаніі «максымальнага ціску» з боку адміністрацыі Трампа, якая скараціла экспарт нафты з Вэнэсуэлы, але не змагла скінуць Мадура.

Раней, як піша NYT, міністар энэргетыкі ў адміністрацыі Клінтана Біл Рычардсан сказаў, што ў ЗША ёсьць «толькі дрэнныя варыянты», як зьнізіць цэны на нафту. Паводле яго, любыя альтэрнатыўныя варыянты, напэўна, горшыя, чым прасіць саудытаў павялічыць здабычу».

Біл Рычардсан адзначыў, што заключэньне любога пагадненьня зь лідэрамі Ірану і Вэнэсуэлы без гарантаваньня сурʼёзных саступак у такіх пытаньнях, як ядзернае ўзбагачэньне і дэмакратычныя рэформы, было б палітычна рызыкоўным для Байдэна. Большасьць рэспубліканцаў і нават некаторыя дэмакраты выступалі супраць кампрамісаў зь лідэрамі гэтых краін.

У сакавіку адміністрацыя Байдэна правяла перамовы з Каракасам, і Вэнэсуэла вызваліла двух зь як мінімум 10 зьняволеных там грамадзян ЗША і паабяцала аднавіць перамовы з апазыцыяй аб выбарах.

У ліпені Байдэн павінен сустрэцца з фактычным кіраўніком Саудаўскай Арабіі, насьледным прынцам Мухамедам бін Салманам. Асабістая сустрэча з прынцам стане першай, калі Байдэн непасрэдна ўзаемадзейнічае з фактычным лідэрам Саудаўскай Арабіі з моманту ўступленьня ў пасаду. Байдэн да гэтага часу палічыў за лепшае размаўляць непасрэдна з каралём Салманам, бацькам прынца.

Аднак, як адзначае Reuters, падарожжа Джо Байдэна ў Саудаўскую Арабію наўрад ці прывядзе да зьніжэньня цэнаў на нафту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG