Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы блізкія і як ніколі патрэбныя адзін аднаму». Беларусы выступілі на Дні Польшчы ў Празе. ФОТА


Беларуска-украінскі сдэнд на Дні Польшчы ў Празе
Беларуска-украінскі сдэнд на Дні Польшчы ў Празе

Прадстаўнікі беларускай дыяспары Прагі прадставілі беларускую культуру на Дні Польшчы ў чэскай сталіцы. Польскія дыпляматы вырашылі сёлета зьмяніць фармат свайго галоўнага сьвята ў Празе і запрасілі ў якасьці адмысловых гасьцей беларусаў і ўкраінцаў.

«Польскі дзень» праходзіць у чэскай сталіцы з 2017 году ў фармаце грандыёзнага пікніка. Адмыслова дзеля гэтай нагоды пасольства Польшчы раз на год адкрывае маляўнічыя сады Фюрстэнбэрга, дзе яно і разьмешчана. Гэта сады пад самым Праскім Градам, звычайна туды не пускаюць.

На пікніку можна было каштаваць прысмакі польскай нацыянальнай кухні
На пікніку можна было каштаваць прысмакі польскай нацыянальнай кухні

Адсюль усяго некалькі сотняў мэтраў да каралеўскага саду, дзе 500 гадоў таму працаваў садоўнікам Францішак Скарына.

Польскія дыпляматы кажуць, што сёлета яны не маглі праігнараваць міжнародную сытуацыю. Таму было вырашана ўшанаваць гераізм украінцаў, якія змагаюцца за сваю краіну, і беларусаў, якія гераічна змагаліся ў 2020 годзе.

Беларускі Прагі: Дар'я Мугака (зьлева), Дар'я Субоціна (справа)
Беларускі Прагі: Дар'я Мугака (зьлева), Дар'я Субоціна (справа)

У беларусаў разам з украінцамі быў уласны стэнд, дзе прадстаўнікі дыяспар і нацменшасьцяў расказвалі цікаўным пра Беларусь і Ўкраіну. Там можна было пагартаць альбомы з фотаздымкамі або набыць сувэніры.

Сады Фюрстэнбэрга, дзе знаходзіцца пасольства Польшчы ў Празе
Сады Фюрстэнбэрга, дзе знаходзіцца пасольства Польшчы ў Празе

Мерапрыемства ладзіў Польскі Інстытут у Празе. Гэтая ўстанова працуе ў дзясятках краінах сьвету і папулярызуе Польшчу. Дырэктар праскай філіі Мацей Ручай за некалькі дзён на сьвята расказаў Свабодзе, чаму сёлета асобную ўвагу надалі беларусам і ўкраінцам.

«Падзеі ў Беларусі і вайна ва Ўкраіне, усе наступствы гэтага, нашмат лепш нам паказалі, што мы блізкія і патрэбныя адзін аднаму. Пра гэта ў Празе гаварыла Сьвятлана Ціханоўская, і паўтарыла пазьней у Сэйме Літвы, што „свабода Ўкраіны і Беларусі непасрэдна зьвязаная зь незалежнасьцю Літвы і Польшчы“. Гэтыя словы адлюстроўваюць і нашае адчуваньне цяперашняй сытуацыі. У Польшчы сёньня жыве вельмі шмат беларускіх і ўкраінскіх эмігрантаў і ўцекачоў, нашых гасьцей. Яны сёньня зьяўляюцца часткай польскага грамадзтва і польскіх гарадоў. Немагчыма паказваць толькі прыгожыя помнікі архітэктуры або роварныя трасы і ігнараваць самыя драматычныя падзеі апошніх гадоў, — сказаў Мацей Ручай. — Мы блізкія і як ніколі патрэбныя адзін аднаму».

Малодшыя беларусы Прагі
Малодшыя беларусы Прагі

Беларусы і ўкраінцы Прагі сьпявалі на Дні Польшчы свае нацыянальныя песьні.

Беларускія ўдзельніцы канцэрту: Сьвятлана Судноўская (зьлева), Дар'я Мугака (справа)
Беларускія ўдзельніцы канцэрту: Сьвятлана Судноўская (зьлева), Дар'я Мугака (справа)

Са сцэны перад прысутнымі выступіла прадстаўніца беларускай дыяспары Прагі Крысьціна Шыянок. Яна падзякавала Польскаму інстытуту за запрашэньне беларускай нацменшасьці ў якасьці ганаровага госьця поруч з украінскай нацменшасьцю і падзякавала Польшчы.

Крысьціна Шыянок
Крысьціна Шыянок

«З 2020 вы прымаеце беларускіх уцекачоў зь Беларусі, а цяпер і з Украіны, зьяўляючыся дэ-факта адзінай краінай ЭЗ, якая зьмяніла ўласнае заканадаўства, каб даваць дазволы на пражыванне ўкраінскім беларусам і беларускам, якія ўцякаюць ад вайны», – сказала Шыянок.

Гэта ня першы выпадак, калі Польскі Інстытут супрацоўнічае зь беларускай дыяспарай у Чэхіі. Спачатку гэтаму спрыяла пасярэдніцтва пасольства Літвы, але цяпер адносіны беспасярэднія, кажа Мацей Ручай. Ад пачатку мінулага году арганізавалі больш за дзясятак імпрэзаў з удзелам прадстаўнікоў Беларусі. Адбылася фотавыстава, прысьвечаная Канстытуцыі 3 траўня. Апрача пасольстваў Польшчы і Літвы, у яе арганізацыі ўдзельнічаў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Перасоўная выстава, якая спачатку прайшла ў Празе, цяпер вандруе па чэскіх гарадах.

Беларускі Прагі Натальля Кузьняцова і Крысьціна Шыянок зь міністрам культуры Чэхіі Марцінам Баксам
Беларускі Прагі Натальля Кузьняцова і Крысьціна Шыянок зь міністрам культуры Чэхіі Марцінам Баксам

Пры ўдзеле Польскага Інстытуту адбыўся паказ фільму беларускага дакумэнталіста Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць» аб пратэстах у 2020 годзе. У студзені ў адным з галоўных праскіх касьцёлаў адбылася імша ў гонар Францішка Скарыны. У ёй удзельнічалі дыпляматы з Польшчы, Літвы, чэскія афіцыйныя асобы і беларусы Чэхіі. Беларускі бел-чырвона-белы сьцяг быў вывешаны падчас імшы побач зь іншымі. Праз тыдзень пасьля суботняга пікніка на тым жа месцы пройдзе фэстываль United Islands, дзе ўкраінскія і беларускія музыкі будуць галоўнымі гасьцямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG