Пра гэта паведаміла армянская служба Радыё Свабода са спасылкай на ерэванскую паліцыю. У сталіцы Армэніі працягваюцца акцыі непадпарадкаваньня. Армянская апазыцыя абвінавачвае прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна ў правядзеньні палітыкі аднабаковых саступак па Нагорным Карабаху і патрабуе яго адстаўкі.
Па дадзеных Сьледчага камітэта Армэніі, пасьля сутыкненьняў дэманстрантаў з паліцыяй 3 чэрвеня супраць пратэстоўцаў пачалі крымінальную справу па артыкуле «Масавыя беспарадкі», ужо затрыманыя 13 чалавек.
У сутыкненьнях з дэманстрантамі ў Ерэване пацярпелі 45 паліцыянтаў, паведаміла раней прэс-служба паліцыі Армэніі.
«Калі ўдзельнікі акцыі ў выніку агучаных арганізатарамі заклікаў не падпарадкаваліся законным патрабаваньням паліцыі, сталі прымяняць гвалт, кідаць бутэлькі, камяні, жалезныя прадметы, было прынята рашэньне аб прымяненьні спэцсродкаў. Ужытыя выключна сьветлашумавыя спэцсродкі», — заявілі ў паліцыі.
Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя краіны, у розныя мэдычныя ўстановы з траўмамі зьвярнуліся 16 цывільных асоб. Адзін з пацярпелых знаходзіцца ў цяжкім стане, яму правялі апэрацыю, адзначылі ў ведамстве.
Канфлікт у Карабаху
- Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі» («Арцах» па-армянску).
- Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
- «Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку самой Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
- Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
- Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі, якая на ліпень 2021 году складае каля 2 тысяч чалавек.
- Нягледзячы на мірнае пагадненьне 2020 году, паміж войскамі дзьвюх краін пэрыядычна ўзьнікаюць перастрэлкі, якія прыводзяць да ўзяцьця ў палон і гібелі вайскоўцаў.