Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Расеі пастанавіў экстрадаваць у Беларусь Яну Пінчук, якая была адміністратаркай пратэставых тэлеграм-каналаў


Яна Пінчук
Яна Пінчук

Гарадзкі суд Санкт-Пецярбургу вырашыў, што беларуска ня мае права знаходзіцца на тэрыторыі Расеі, у прытулку раней ёй адмовілі. Цяпер Пінчук вышлюць у Беларусь.

На думку суду, гарантыя бясьпекі Пінчук — сьцьвярджэньне Генпракуратуры Беларусі, што катаваньняў ня будзе, піша Sota.

Раней Смольнінскі раённы суд Санкт-Пецярбургу разгледзеў пазоў да мясцовага дэпартамэнту паліцыі, які адмовіў беларусцы Яне Пінчук у наданьні часовага прытулку ў Расеі. Жанчына прасіла прызнаць незаконным рашэньне аб адмове ў атрыманьні ёю такога статусу.

Суд па экстрадыцыі ў Беларусь адбыўся 1 чэрвеня. Судзьдзя Ірына Фурманава падчас паседжаньня спрабавала даказаць, што Пінчук сама не прыняла мераў для сваёй бясьпекі: яшчэ ў 2019 годзе, прыехаўшы ў Расею, не папрасіла прытулку і не валодае аб'ектыўнымі зьвесткамі аб пакутах, якія пагражаюць ёй цяпер.

Актывістку зь Віцебску затрымалі 1 лістапада 2021 году ў Санкт-Пецярбургу на просьбу беларускіх сілавікоў. А 3 лістапада мясцовы раённы суд выбраў для яе меру стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай, якая потым была падоўжаная.

На радзіме за адміністраваньне тэлеграм-каналу «Віцебск 97%» супраць яе выставілі абвінавачаньні адразу паводле 5 крымінальных артыкулаў, сярод якіх «распальваньне нацыянальнай варожасьці» (ч. 3 арт. 130), «заклікі да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі» (ч. 3 арт. 361), «паклёп» (арт. 188) і іншыя.

За кратамі Пінчук выйшла замуж. На думку расейскіх праваабаронцаў, крымінальны перасьлед актывісткі палітычна матываваны. Яны патрабавалі ад уладаў даць ёй прытулак.

Паводле сьледзтва, у тэлеграм-канале «Витебск 97%», Яна Пінчук пад нікам «Принцесса Лея» разьмяшчала паведамленьні з «нэгатыўнай ацэнкай супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады». Акрамя таго, нібыта публікавала «заклікі да прычыненьня шкоды міліцыянтам» і «экстрэмісцкія матэрыялы». Пра якія канкрэтна матэрыялы ідзецца, невядома, адзначаюць адвакаты дзяўчыны.

Яна Пінчук не адмаўляе адміністраваньня каналу, але сьцьвярджае, што ў ім было яшчэ некалькі карыстальнікаў зь нікнэймам «Принцесса Лея». Свой акаўнт пасьля абвяшчэньня ўладамі каналу «экстрэмісцкім» Пінчук, са словаў абаронцаў, выдаліла. 22 сьнежня 2021 году праваабарончы цэнтар «Мемориал» прызнаў Пінчук палітычнай зьняволенай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG