Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на свае дыпляматычныя крыніцы. Лідэры ЭЗ прызналі, што ня змогуць прыйсьці да пагадненьня ў гэтым пытаньні на саміце ў Брусэлі 30 і 31 траўня.
Калі Эўразьвязу ня ўдасца дамовіцца пра эмбарга на расейскую нафту, будзе складана рэалізаваць іншыя элемэнты шостага пакету санкцый, цытуе Reuters высокапастаўленага чыноўніка Эўракамісіі.
«Я ведаю, што гэта складана, таму што мы павінны прымаць рашэньні аднагалосна, а для таго, каб была аднагалоснасьць, трэба ўлічваць запыты, меркаваньні, некаторыя праблемы ў канкрэтнай сытуацыі для кожнай дзяржавы-чальца. І я ўпэўнены, што мы зможам знайсьці прагматычны падыход, каб хутка перайсьці да забароны на імпарт нафты з Расеі. Мы павінны спыніць фінансаваньне расейскай ваеннай машыны», — заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.
Увядзеньню шостага пакету санкцый ЭЗ супроць Расеі, які прадугледжвае забарону на імпарт расейскай нафты, супраціўляецца Вугоршчына.
Вугорскі ўрад параўнаў забарону на імпарт расейскай нафты са скіданьнем на сваю эканоміку ядзернай бомбы. Будапэшт дамагаецца ад Брусэлю кампэнсацыі страт, зьвязаных з адмовай ад закупу нафты ў Расеі.