Штогод у гэты дзень Ізраіль сьвяткуе перамогу ў Шасьцідзённай вайне з кааліцыяй арабскіх дзяржаў, у выніку якой быў узяты кантроль над Сьцяной Плачу ва ўсходняй частцы Ерусаліма. Удзельнікі гэтага маршу — у асноўным габрэйскія нацыяналісты. Пра беспарадкі паведамляе CNN.
Натоўп, размахваючы ізраільскімі сьцягамі, рушыў да Дамаскай брамы, галоўнага ўваходу ў мусульманскі квартал Старога гораду Ерусаліму, скандуючы «Няхай жыве Ізраіль!» і «Сьмерць арабам!». Ізраільская паліцыя заблякавала навакольныя вуліцы, адсунуўшы палестынскіх пратэстоўцаў з маршруту.
Паводле дадзеных Палестынскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, 79 арабаў параненыя і адзін дэманстрант забіты. Паліцыянты дзейнічалі з прымяненьнем гумавых куляў, шумавых гранат і пярцовага газу. 28 чалавек шпіталізавалі пасьля сутычак з ізраільскімі сіламі бясьпекі і ўдзельнікамі маршу.
Прынамсі 163 палестынцы параненыя на Заходнім беразе Ярдану. Паводле інфармацыі Чырвонага Паўмесяца, сама меней 11 з гэтых раненьняў нанесены кулямі, імаверна гумовымі.
Больш за 50 чалавек арыштавалі і затрымалі за ўдзел у беспарадках і нападах на паліцыю, паведаміла ізраільская паліцыя.