ІТ-сэктар працягвае біць рэкорды па адтоку спэцыялістаў. За студзень-красавік 2022 году з ІТ-кампаній звольнілася на 50% больш спэцыялістаў, чым працаўладкавалася, паведамляе dev.by.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у мінулым месяцы з ІТ-кампаній звольнілася больш за 3 тысячы спэцыялістаў (новы рэкорд) — гэта ў 2,2 разы больш, чым у красавіку мінулага году, і на 36% больш, чым сёлета ў сакавіку.
Кампэнсаваць адток спэцыялістаў за кошт найму новых у кампаній не атрымалася, сытуацыя з працаўладкаваньнем стала яшчэ горшай, чым у сакавіку. За красавік ІТ-кампаніі нанялі толькі 938 спэцыялістаў — на 46% менш, чым у красавіку мінулага году, і на 33% менш, чым у сакавіку 2022-га.
Упала і агульная лічба працаўладкаваных сёлета ІТ-спэцыялістаў у параўнаньні зь мінулым годам. За студзень-красавік ІТ-кампаніі ўзялі на працу амаль 5,5 тысячы спэцыялістаў — на 2% менш, чым за такі ж пэрыяд мінулага году.
Звольнілася з ІТ-кампаній за студзень-красавік больш за 8 тысяч спэцыялістаў — на 62% больш, чым за аналягічны пэрыяд 2021 году. Пры такіх тэмпах сыходу айцішнікаў з кампаній ужо праз два месяцы звольненых можа аказацца прыкладна столькі, колькі за ўвесь мінулы год, адзначае выданьне. Толькі за сакавік-красавік чысты адток кадраў (розьніца паміж прынятымі на працу і звольненымі) перавысіў 3,3 тысячы чалавек.