Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці ўключаць у працоўную групу пры Мінспорту Польшчы


Выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандар Апейкін
Выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандар Апейкін

Працоўная група будзе займацца пытаньнямі ўдзелу беларусаў і расейцаў у спартовых спаборніцтвах у Польшчы.

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці (БФСС) увойдзе ў склад адмысловай працоўнай групы пры Міністэрстве спорту і турызму Польшчы, паведаміў тэлеграм-канал фонду.

Пры міністры спорту і турызму створана адмысловая працоўная група, у задачы якой уваходзіць аналіз пытаньняў і праблем, што тычацца ўдзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў у нацыянальных спаборніцтвах, арганізаваных польскімі спартовымі асацыяцыямі ў кантэксьце вайны ва Ўкраіне, а таксама фармуляваньне меркаваньняў наконт гэтага.

Пасяджэньні групы, як чакаецца, таксама паслужаць плятформай для аблягчэньня абмену інфармацыяй паміж атлетамі, клюбамі і польскімі спартовымі асацыяцыямі.

У склад групы ўвойдуць два прадстаўнікі БФСС, прадстаўнік Польскага Алімпійскага і Паралімпійскага камітэтаў, прадстаўнік палітычнага кабінэту міністра спорту і турызму Польшчы, дырэктар дэпартамэнту міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства спорту і турызму, а таксама іншыя асобы, якія прадстаўляюць спартовую супольнасьць Польшчы.

Выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандар Апейкін вітаў такое рашэньне польскага Мінспорту, заявіўшы, што яму папярэднічала карпатлівая праца, што ўключала ў сябе шэраг сустрэч і кансультацый з прадстаўнікамі Міністэрства спорту і НАК Польшчы.

«Спадзяёмся, што аналягічныя працоўныя групы хутка будуць створаны і ў іншых краінах. Мы над гэтым працуем», — дадаў Апейкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG