Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды дабег «зайчык?» — юбілей беларускага рубля. Аналіз эканаміста


Навуковы супрацоўнік дасьледнага цэнтру BEROC Зьміцер Крук
Навуковы супрацоўнік дасьледнага цэнтру BEROC Зьміцер Крук

Ці беларускі рубель — гэта псэўданім расейскага? Што Беларусь выйграла ад незалежнасьці ў грашовай сфэры? Якія этапы прайшла за 30 гадоў грашовая сыстэма Беларусі?

На пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае старэйшы навуковы супрацоўнік дасьледнага цэнтру BEROC Зьміцер Крук.

— Наколькі добрай валютай аказаўся беларускі рубель у параўнаньні з суседзкімі — расейскім рублём, грыўняй, літам, латам, злотым? Ці можна сказаць, што BYN аказаўся адной з самых слабых валютаў сярод постсавецкіх?

—Няма дакладна крытэра, якую валюту можна назваць добрай, а якую дрэннай, у доўгатэрміновай рэтраспэктыве. Ступень пасьпяховасьці асаясамляецца з вопытам перажытых інфляцыяў, дэвальвацыяў і дэнамінацыяў.

Калі спытаць мінака ў Менску, то мяркую, што ён прыгадае гэтыя тры чыньнікі — інфляцыя, дэвальвацыя, дэнамінацыя. Дыпляматычна кажучы, ня вельмі добрай валютай аказаўся беларускі рубель.

Тры галоўныя функцыі грошай — сродак абарачэньня, мера вартасьці і сродак ашчаджэньня. Для пакупак у краме BYN больш-менш прыдатны. Для набыцьця аўтамабіляў ці нерухомасьці беларускі рубель не выкарыстоўваецца, у тым ліку і для ацэнкі вартасьці — беларусы апэруюць коштамі такіх тавараў у далярах.

Беларуская эканоміка — самая далярызаваная ва Ўсходняй Эўропе. Мы тут у лідэрах разам з краінамі Лацінскай Амэрыкі.

— Ці можна сказаць, што беларускі рубель — гэта проста псэўданім расейскага рубля? Вечная спрэчка пра ступень незалежнасьці Беларусі. Які адказ на гэтае пытаньне ў грашовай сфэры?

Калі коратка — гэта беларуская валюта, амаль цалкам незалежная ад расейскай. Напачатку было ўспрыняцьцё беларускага рубля як нечага негрунтоўнага, часовага, сурагатнага. Гэта ляжала і ляжыць у падмурку недаверу да беларускай валюты на працягу ўсіх 30 гадоў.

Але з 2003 году манэтарная палітыка Беларусі з пэўнымі агаворкамі набыла больш-менш сучасныя рысы. Нацбанк даволі пісьменна карыстаўся мэтадамі манэтарнай палітыкі. І казаць, што рубель быў сурагатнай валютай, не выпадала.

Гэта была валюта з праблемамі, але паўнавартасная валюта. Тое, што абменны курс BYN да сусьветных валютаў апошнія 7 гадоў істотна залежыць ад курсу расейскага рубля — гэта вынік таго, што Расея — асноўны гандлёвы партнэр Беларусі.

— Размовы пра аб’яднаньне грашовых сыстэмаў пачаліся хіба не з моманту абвяшчэньня беларускага рубля нацыянальнай валютай краіны. А што Беларусь выйгравала ад наяўнасьці ў яе нацыянальнай валюты, ці можна апісаць сытуацыі, у якіх гэта давала Беларусі перавагі?

— Так. У тых крызісах, якія мы перажылі — у 2008-м, у 2014-2016, падчас каранавіруснага крызісу — калі б не было ваганьняў курсу беларускага рубля, калі б ён не выступаў у якасьці своеасаблівага амартызатару, падзеньне даходаў і рост беспрацоўя былі б значна большымі.

Зразумела, часам амартызатар у выглядзе абменнага курсу сам робіцца чыньнікам крызісу, як гэта было ў 2011 годзе.

Але як правіла абменны курс дае магчымасьць зьмякчыць вонкавыя эканамічныя шокі. Скажам, Польшча гэтак жа рабіла ў 2008 годзе і падчас каранавіруснага крызісу.

— У якой ступені эвалюцыя валюты — інфляцыя, падзеньне курсу, грашовая маса — гэта люстэрка стану эканомікі? Ці можна сказаць, што якім быў BYN, такой была і беларуская эканоміка?

— Сувязь безумоўна ёсьць. Калі валюта абясцэньваецца больш чым на 20%, гэта адбіваецца на эканоміцы, гэта вядзе да росту цэнаў, гэта стварае падмурак для фінансавага крызісу. У доўгатэрміновай пэрспэктыве дынаміка абменнага курсу адлюстроўвае стан канкурэнтаздольнасьці нацыянальнай эканомікі.

І калі нацыянальная валюта ўвесь час абясцэньваецца, гэта ўказвае на недахоп канкурэнтаздольнасьці і стварае перашкоды для эканамічнага росту. Ісьці за гэтым трэндам — гэта выклікаць стагнацыю. Гэтая палітыка ў нас вялася ў 2015-2020 гадах.

А раней у нас практыкавалі стымуляваньне эканомікі за кошт банкаўскіх крэдытаў, аматарам чаго быў старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч. Вынікам былі скачкі курсу і дэвальвацыя 2011 году.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі і старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч у сховішчы банку
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі і старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч у сховішчы банку

— Якія былі пэрыяды, эпохі грашовай палітыкі Беларусі, калі яна істотна, можа кардынальна, мянялася за гэтыя 30 гадоў? Ці зьвязаны яны з імёнамі старшыняў Нацбанку — Станіслава Багданкевіча, Тамары Віньнікавай, Генадзя Алейнікава, Пятра Пракаповіча, Надзеі Ермаковай, Паўла Калавура?

— Пэрыяд станаўленьня беларускага рубля, пэрыяд нявызначанасьці, калі ніхто не разумеў, што адбываецца — гэта 1992-1995 гады. Але 1995 год — гэта першы прыклад пісьменнай манэтарнай палітыкі, калі Нацбанк на чале з Багданкевічам зрабіў захады па стабілізацыі курсу рубля.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

Наступны пэрыяд — 1996-2003 — гэта эпоха сьвядомага падштурхоўваньня эканомікі праз напампоўваньне яе грашыма. Тады беларуская фінансавая сфэра была закладніцай сусьветнай і расейскага фінансавых крызісаў 1998 году.

Адзін мой калега кажа, што штучна створаная інфляцыя тады дадавала канкурэнтаздольнасьць беларускаму бізнэсу і спрыяла яго росквіту. Я ўвесь час спрачаюся з гэтым маім калегам: ці варта разьвіваць айчынны бізнэс, разбураючы фінансавую сыстэму? А тагачаснага інфляцыя яе разбурала і ўмацоўвала недавер да беларускага рубля.

Наступны пэрыяд — эпоха фіксаванага валютнага курсу, гэта 2003-2014 гады. Гэта дазволіла стабілізаваць фінансавую сфэру. У 2008 ад гэтай палітыкі варта было адмовіцца, бо сусьветная каньюнктура ўжо памянялася.

Павал Калавур
Павал Калавур

Перадапошні пэрыяд — з 2015 да сакавіка 2020 году. Ён зьвязаны з асобай старшыні Нацбанку Калавура. Гэта была прадуманая манэтарная палітыка, скіраваная на стабілізацыю. Я б паставіў у заслугу камандзе Калавура нават ня тое, што яны зьбілі інфляцыю, а тое, што яны пачалі задумвацца аб доўгатэрміновых кроках. Напачатку 2020 году была прынятая праграма падвышэньня даверу да беларускага рубля і там былі прагавораныя важныя рэчы.

Але потым свае дасягненьні гэтая ж каманда і пахавала — за апошнія 2 гады. Цяпер пакуль ня крызіс 2011 году, але аб даверы да беларускага рубля можна забыць.

І ў нечым паўтараецца сытуацыя пачатку 1990-х — хаос, няпэўнасьць, неразуменьне, навошта патрэбны беларускі рубель

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG