У Ерэване людзі, прарваўшыся праз паліцэйскі кардон, пабудаваны перад будынкам Міністэрства замежных спраў, заблякавалі ўваходы ў будынак.
Апазыцыйны віцэ-сьпікер Нацыянальнага сходу, дэпутат фракцыі «Аястан» Ішхан Сагатэльян заклікаў не ўпускаць сілавікоў унутр.
«Гэтай блякадай мы паказваем, што кожная гадзіна працы гэтага ведамства зьяўляецца антыдзяржаўнай, супярэчыць нашым інтарэсам. Выказваем наша абурэньне і блякуем дзейнасьць дзяржаўных структур. Я зноў заклікаю вас абʼяднацца, быць уважлівымі на ўсіх уваходах і не дазваляць ніводнаму супрацоўніку ўвайсьці ўсярэдзіну або выйсьці з будынка», — сказаў ён.
Праз дзьве гадзіны дэпутаты ад апазыцыі ўвайшлі ў будынак міністэрства. Яны вывесілі сьцягі Нагорнага Карабаха на дзьвярах кабінэтаў, а намесьнік міністра замежных спраў Мнацакан Сафар'ян, які сустрэўся ім на шляху, прымацаваў сьцяг да свайго пінжака, але ня выканаў галоўнага патрабаваньня апазыцыі — сказаць, што Нагорны Карабах ніколі не будзе ў складзе Азэрбайджану.
Пазьней апазыцыя таксама заблякавала пад’езды да будынку адміністрацыі прэзыдэнта, паведаміў сайт News.am.
Перад будынкам МЗС паміж пратэстоўцамі і паліцыяй таксама адбылася бойка.
Паліцыя паведамляе аб адным затрыманым.
«Сёньня ўвечары мы падрабязна абмяркуем тое, што мы зрабілі, але адно зразумела: мы павінны блякаваць дзейнасьць тых дзяржаўных структур, якія ня служаць інтарэсам Рэспублікі Армэнія і армянскага народу, мы павінны перашкодзіць іх дзейнасьці і тым самым паказаць волю народу і дамагчыся поўнага двоеўладзьдзя», — заявіў Сагатэльян.
Ад будынкаў дзяржведамстваў пратэстоўцы маршам вярнуліся на плошчу Францыі, дзе стаяць намёты апазыцыі, якая ўжо чацьвёрты тыдзень запар трымае закрытай для транспарту адну з цэнтральных транспартных разьвязак Ерэвана.
Апазыцыя абвінавачвае ўлады ў намеры пайсьці на аднабаковыя саступкі, прызнаўшы Нагорны Карабах часткай Азербайджана, чаму можа перашкодзіць толькі адстаўка прэмʼер-міністра. Улады абвяргаюць гэтае абвінавачаньне.