«Марыюпаль. Упершыню можам убачыць, як адбываецца дэпартацыя. Падаюць аўтобусы і абвяшчаюць аб эвакуацыі. Пры пасадцы ўжо паведамляюць, што аўтобус вязе ў Безыменнае Новаазоўскага раёну і потым у Расею», — кажа Андрушчанка.
Пра сытуацыю «Настоящее время» пагаварыла з праваабаронцам, дырэктарам Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і бясьпекі Паўлам Лісянскім.
— Мы бачылі, як вывозяць людзей з Марыюпалю. У Кіеве напярэдадні заявілі, што колькасьць дэпартаваных за апошні тыдзень вырасла ўдвая. Па-вашаму, з чым гэта можа быць зьвязана?
— Гэта, хутчэй за ўсё, зьвязана з унутранымі дырэктывамі Расейскай Фэдэрацыі. Там рашаецца, куды і колькі людзей, і далейшы іх лёс. Яны далей дэпартуюць людзей, выконваюць праграму Расейскай Фэдэрацыі «Суайчыньнік». Гэта праграма Міністэрства замежных спраў, якая накіраваная на тое, каб засяліць людзьмі славянскай зьнешнасьці аддаленыя часткі Расейскай Фэдэрацыі. Літаральна апошні год мы вельмі актыўна займаліся крэмленалёгіяй. І ў Расеі цяпер ёсьць праблема, што маладыя людзі неславянскай зьнешнасьці — грузіны, кабардынцы, балкарцы, ханты і мансі, — іх на 28% прысутнічае больш, чым людзей славянскай зьнешнасьці. Маладых людзей славянскай зьнешнасьці 11 працэнтаў.
У Расейскай Фэдэрацыі ёсьць такая жорсткая група нацыяналістаў, яна нічым не адрозьніваецца ад Трэцяга райху ці фашыстаў, якія жадаюць, каб у Расеі жылі людзі толькі славянскай зьнешнасьці. Такімі спосабамі яны спрабуюць павялічыць колькасьць людзей славянскай зьнешнасьці, нараджальнасьць славянскіх людзей. І прымусовая пашпартызацыя Расейскай Фэдэрацыі спачатку на Данбасе, а зараз яны хочуць яе аб’явіць ужо і на паўднёвых акупаваных рэгіёнах Украіны. Гэта таксама іх ідэя.
— Фільтрацыйныя лягеры ёсьць і на акупаванай тэрыторыі Ўкраіны, і на тэрыторыі Расеі. Якая паміж імі розьніца?
— У Расейскай Фэдэрацыі стаўленьне да людзей менш агрэсіўнае. Я не магу сказаць, што там адсутнічае жорсткасьць, але там гэта ўсё ж менш агрэсіўна. На акупаваных тэрыторыях «ДНР» і «ЛНР» сытуацыя вось у чым. Тэрыторыя беззаконьня, тэрыторыя бяспраўя. Там да людзей ставяцца жорстка, нават учыняюць злачынствы, нават могуць забіць. Былі такія выпадкі — мне расказвалі. Калі гэта тэрыторыя Расеі, то там усё роўна даюць нейкія каманды: да гэтых ставіцца жорстка — да гэтых ставіцца ня жорстка. А вось на акупаваных тэрыторыях Луганскай і Данецкай абласьцей могуць быць выпадкі забойстваў і самаўпраўства і гэтак далей.
А праграма ў прынцыпе адна і тая ж. Яны зараз праходзяць так званыя курсы дэнацыфікацыі. Я бачу так, што гэта скапіявана з кітайскіх школ па прымусовым палітычным перавыхаваньні. Калі вы зараз убачыце відэа нейкіх людзей, якія паказваюць расейцы, — там людзі кажуць: «Я лаяла расейскіх салдат, але я прайшла курс дэнацыфікацыі, і цяпер я думаю па-іншаму».
У гэтых школ ёсьць тры ўзроўні. Ёсьць пачатковы ўзровень — для тых людзей, хто асабліва не разумее. Другі ўзровень — гэта для людзей, якія больш за тры-чатыры гады падтрымліваюць Украіну палітычна. І трэці — гэта для вельмі жорсткіх і закасьцянелых людзей, якія заўсёды вялі сваю барацьбу супраць Расейскай Фэдэрацыі або супраць «ЛНР» і «ДНР».
Гэтыя палітычныя школы суправаджаюцца і фізычным гвалтам, і маральным ціскам, і прыніжэньнем — там прысутнічае ўсё. Але калі я ўбачыў матэрыялы гэтых праграм — са мной падзяліліся хакеры, якія знайшлі некаторыя дакумэнты, — я ўбачыў выразную паралель з кітайскімі школамі па палітычным перавыхаваньні. Тое, што робяць кітайцы з уйгурамі, гэтак жа можна рэтрансьляваць і на гэтыя лягеры дэнацыфікацыі ў Луганску, Данецку і ў Расеі.
— Можаце расказаць пра выпадкі забойстваў у гэтых лягерах?
— Мне пра гэта расказвалі мясцовыя канваіры. Так здарылася, што я з 2014 году вельмі дэталёва займаўся з Усходняй праваабарончай групай вызваленьнем людзей зь месцаў пазбаўленьня волі ў «ЛНР» і «ДНР». Мы пяцярых людзей вызвалілі без дапамогі дзяржавы. У мяне засталіся іхныя кантакты. Цяпер у гэтыя лягеры дэнацыфікацыі адпраўляюць мясцовых канваіраў, якія працавалі яшчэ з 2014 году. І яны мне расказвалі, што пры правядзеньні ўрокаў дэнацыфікацыі ў нейкага расейскага канваіра або куратара ўзьнікала спрэчка: хтосьці зь людзей не згаджаўся. Завязвалася спрэчка, і чалавека проста забівалі. Забілі, пахавалі. Інфармацыі пра яго ніякай няма — дакумэнты адразу былі зьнішчаныя. Я спрабаваў знайсьці інфармацыю пра гэтага чалавека, але яны кажуць, што гэта зрабіць нерэальна. Усе дакумэнты адразу зьнішчаюцца. Нават зараз, падчас баявых дзеяньняў, целы ў морг не адпраўляюцца, таму што моргі перапоўненыя.
— Гэта значыць, гаворка ідзе пра нейкія адзінкавыя выпадкі ці не?
— Я ведаю тры-чатыры выпадкі. Чалавека могуць забіць, і яго могуць не знайсьці. Я не магу сказаць, што гэта масава, але гэта не адзінкавыя выпадкі дакладна.
— Ці ёсьць у вас прыкладныя дадзеныя, колькі чалавек можа знаходзіцца агулам у гэтых лягерах цяпер?
— Мы зараз працуем над гэтым, але няма дакладных дадзеных. Кожны дзень лічба мяняецца — у сувязі з тым, што працэдура дэнацыфікацыі ўведзеная на пастаяннай аснове і ў гэтыя лягеры можа трапіць чалавек, які раней ужо праходзіў гэтую працэдуру. Напрыклад, у Марыюпалі яна сапраўдная на сем дзён, а потым зноў трэба праходзіць працэдуру дэнацыфікацыі. Адпаведна, чалавек туды зноў можа трапіць. Дакладных зьвестак няма. Але гэта дзясяткі тысяч чалавек — гэта мінімум.
Плюс гэтыя фільтрацыйныя лягеры адкрытыя і ў Расейскай Фэдэрацыі для тых людзей, якіх дэпартавалі. Гэта значыць, сёньня чалавек прайшоў гэтую працэдуру фільтрацыі, да прыкладу, у Марыюпалі, а заўтра яго дэпартавалі ў рэгіён Расейскай Фэдэрацыі, напрыклад, у Татарстан ці ў Заходнюю Сібір, і там ён таксама праходзіць гэтую працэдуру фільтрацыі.
Там ён можа яе не прайсьці, і яго адпраўляюць у канцэнтрацыйны лягер Расейскай Фэдэрацыі. Яны стварылі такія аддзяленьні пры кожнай установе Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Расейскай Фэдэрацыі. І чалавек туды можа трапіць. Таму дакладную колькасьць людзей проста немагчыма палічыць, бо ідзе пастаянная цякучка, пастаяннае напаўненьне, пастаяннае зьмяненьне. Але гэта дзясяткі тысяч — гэта мінімум.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.