Як паведаміў у сваім Telegram-канале народны дэпутат ад фракцыі «Голос» Яраслаў Жалязьняк, 22 траўня Вярхоўная Рада Ўкраіны прагаласавала за выхад з шэрагу пагадненьняў Садружнасьці незалежных дзяржаў.
287 галасамі дэпутаты падтрымалі выхад Украіны з Пагадненьня аб супрацоўніцтве ў барацьбе зь незаконнай міграцыяй, 274 — з Пагадненьня аб ушанаваньні памяці народаў дзяржаў — удзельніц СНД у «Вялікай Айчыннай вайне».
У прыватнасьці, першая дамова ад 1999 году прадугледжвала, што ў выпадку прыбыцьця ў адзін з бакоў пагадненьня нелегальных мігрантаў з тэрыторыі другога боку, пры наяўнасьці адпаведных доказаў такія асобы перадаюцца апошняму.
Такім чынам, Украіна працягнула курс на выхад з ранейшых пагадненьняў Садружнасьці Незалежных дзяржаў. У лютым Украіна выйшла з СНД і пагадненьняў аб паветранай прасторы, заключаных у межах СНД. У красавіку — з пагадненьня аб правілах вызначэньня паходжаньня тавараў з краін, якія разьвіваюцца.
Урад Украіны зацьвердзіў рашэньне аб выхадзе з Пагадненьня аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытнай справе ад 15 красавіка 1994 году.
Летам 2021 году Ўкраіна выйшла з пагадненьня аб асноўных напрамках супрацоўніцтва паміж краінамі — удзельнікамі Садружнасьці Незалежных Дзяржаў у сфэры абароны правоў спажыўцоў.