Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», 17 траўня суд у Берасьці разглядзеў справу чарговых фігурантаў «карагоднай справы». На лаве падсудных былі Андрэй Уласаў і Юлія Сувалка. Абаіх абінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Судовае пасяджэньне ўзначаліў прысланы з Жабінкі судзьдзя Віктар Новік, які прысудзіў Андрэю і Юліі па тры гады «хатняй хіміі». Гэты быў самы хуткі суд над «карагоднікамі». Лёс дваіх абвінавачаных вырашылі менш як за гадзіну.
У «карагоднай справе» ўжо асудзілі 129 чалавек. Агулам ім прысудзілі:
- 125 гадоў «хатняй хіміі»;
- 90,5 года «хіміі»;
- 13 гадоў і 8 месяцаў калёніі.
4 траўня судзьдзя Людміла Рубашэўская пакарала яшчэ 11 чалавек, паведамляе «Вясна». Іх абвінавацілі ва ўдзеле 13 верасьня 2020 году ў пратэставай акцыі на скрыжаваньні бульвара Касманаўтаў і праспэкта Машэрава ў Берасьці, калі людзі вадзілі вялікі карагод пад музыку, сьпявалі, танцавалі.
- Дзьмітрыю Шамшуру, Юрыю Клімаўцу, Ігару Ляшкевічу і Дзіяне Вашчылінай прысудзілі па 3 гады «хатняй хіміі»;
- Кацярыне Ерамеевай, Ірыне Кузьмянчук, Юліі Леванюк, Ларысе Яхімовіч, Дзьмітрыю Неўмяржыцкаму — па 2 гады «хатняй хіміі»;
- Віталю Брыцько і Людміле Карабанюк — па 3 гады «хіміі».
Паводле дзяржабвінавачаньня, дзеяньні падсудных, нібыта, сярод іншага, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацый і прадпрыемстваў.
Судзьдзі, якія выносілі прысуды:
- Сьвятаслаў Каліна,
- Дзьмітры Шурын,
- Іна Клышпач,
- Сяргей Маручак,
- Яўген Брэган,
- Дзьмітры Куроўскі,
- Вера Філонік,
- Марыя Аліфярук,
- Кацярына Рамашка,
- Людміла Рубашэўская,
- Марына Скалковіч.