Збор подпісаў працягваецца. Пад зваротам ужо 49 подпісаў (зь іх 11 украінскіх спартоўцаў), яшчэ паўсотні подпісаў вэрыфікуюцца.
Сярод падпісантаў Міжнароднай антываеннай дэклярацыі ёсьць знакамітыя ўкраінскія футбалісты Андрэй Варонін, Максім Шацкіх, Віталь Буяльскі, Яўген Селязьнёў, галоўны трэнэр футбольнага «Львова» Алег Дулуб, беларускі футбаліст і трэнэр Аляксандар Хацкевіч, нападаючы польскага «Ракува» і адзін з найлепшых беларускіх футбалістаў апошніх гадоў Ільля Шкурын, славенскі футбаліст, паўабаронца клюба «Дынама» і нацыянальнай зборнай Славеніі Беньямін Вярбіч, срэбраны прызэр Алімпіяды-2008 мнагаборац Андрэй Краўчанка, знакаміты лыжнік Сяргей Далідовіч, пераможца Кубка сьвету ў кікбоксінгу Іван Ганін, вядомая лёгкаатлетка і прызэрка Алімпіяды-2008 Надзея Астапчук, тайбаксэр Віталь Гуркоў ды іншыя.
Паводле выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна, антываенная дэкарацыя мае на мэце мэту аб’яднаць увесь сусьветны спорт, які выступае супраць вайны ва Ўкраіне.
«Мы, члены Алімпійскага руху і міжнароднай спартыўнай сямʼі, выступаем за неадкладнае спыненьне агрэсіі, разьвязанай Расейскай Фэдэрацыяй супраць Украіны з выкарыстаньнем тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая вайна зьнішчае ўкраінскія гарады, забірае жыцьці тысяч мірных жыхароў і сотняў дзяцей, мільёны людзей становяцца бежанцамі. Пад пагрозу пастаўлена бясьпека ўсяго эўрапейскага рэгіёну і нават сьвету. Гэтаму няма ніякіх апраўданьняў. Мы выступаем за правядзеньне міжнароднага расьсьледаваньня і прыцягненьне да адказнасьці ўсіх вінаватых за ўчыненыя міжнародныя ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва. Мы патрабуем спыненьня ваенных дзеяньняў супраць Украіны, вываду войскаў з яе тэрыторыі і тэрыторыі Беларусі», — гаворыцца ў дэклярацыі.
Раней выканаўчы дырэктар БФСС паведамляў пра распрацоўку дэклярацыі яшчэ за некалькі тыдняў да яе апублікаваньня. Як піша "Наша Ніва", Апейкін адзначаў, што ва ўмовах, калі беларускі спорт абкладзены санкцыямі за вайну ва Ўкраіне, важным робіцца пытаньне пра допуск беларускіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў.
«Усіх беларускіх спартоўцаў асацыююць з рэжымам Лукашэнкі. Гэта няслушна. Ёсьць тыя, хто пацярпеў за свае погляды, быў вымушаны пакінуць краіну», — разважаў Апейкін. Ён плянаваў, што падпісаньне дэклярацыі стане падставай, каб фонд спартовай салідарнасьці выступіў за допуск спартоўца да спаборніцтваў у нэўтральным статусе, то бок подпіс атлета пад лістом засьведчыў бы яго стаўленьне да вайны ва Ўкраіне і адпаведна неабгрунтаванасьць санкцый у бок гэтага атлета. У выніку ў чалавека павінен з’явіцца выбар: адкрыта падпісаць дэклярацыю і, магчыма, атрымаць шанц працягнуць кар’еру, ці прамаўчаць і застацца на сваіх пазыцыях у беларускім спорце, але аказацца бяз доступу да міжнародных стартаў.