Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў хочуць «дэрусыфікаваць»: перайменаваць да 500 вуліц, некалькі станцый мэтро і зьнесьці 60 помнікаў і мэмарыяльных дошак


Помнік Аляксандру Пушкіну ў Кіеве
Помнік Аляксандру Пушкіну ў Кіеве

Зусім нядаўна Кіеў перажываў «дэкамунізацыю»: у горадзе масава мянялі назвы, нададзеныя ў савецкі пэрыяд або ў памяць аб дзеячах савецкай эпохі.

Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну дэпутаты гарадзкой рады ўкраінскай сталіцы хочуць правесьці аналягічную «дэрусыфікацыю» горада: зьнесьці каля 60 помнікаў і мэмарыяльных дошак, перайменаваць да паўтысячы вуліц, сквэраў і паркаў і нават зьмяніць шыльды на некалькіх станцыях мэтро.

Калі гэтыя прапановы будуць ухваленыя, станцыя мэтро «Дружбы народаў» ужо зусім хутка можа атрымаць новую назву і стаць «Эўрапейскай» ці «Батанічнай» — зусім недалёка ад яе знаходзіцца Нацыянальны батанічны сад. Станцыя «Герояў Дняпра» можа стаць станцыяй «Герояў Марыюпалю» ці «Герояў Украіны».

Пад забарону могуць патрапіць і назвы беларускага паходжаньня — за падтрымку агрэсію Расеі супраць Украіны. Так, станцыя мэтро «Менская» можа стаць «Варшаўскай» (у гонар сталіцы Польшчы) або «Вышгародзкай». Вышгарад — гэта маленькае мястэчка пад Кіевам. «Берасьцейская» можа стаць «Бучанскай» ці «Ірпеньскай» — у гонар гарадоў-герояў Кіеўскай вобласьці, якія перажылі расейскую акупацыю.

Плошчу, якая носіць імя расейскага пісьменьніка Льва Талстога, хочуць назваць у гонар рэпрэсаванага савецкай уладай паэта Васіля Стуса або ў гонар паэткі Ліны Кастэнка.

Начальнік Кіеўскага мэтрапалітэна Віктар Брагінскі падтрымлівае ідэю «дэрусыфікацыі» станцыі мэтро «Дружбы народаў», якая атрымала назву ў гонар сяброўства Расеі і Зкраіны:

«Мы хавалі тысячы людзей на станцыях, і скажу вам шчыра: маральна было цяжка знаходзіцца ў сховішчы на станцыі „Дружбы народаў“, бо назва станцыі была зьвязана з сяброўствам паміж Расеяй, Беларусьсю і Украінай, — кажа ён. — Таму я лічу, што гэты працэс неабходна максымальна хутка завяршыць. Да 1 траўня мы зьбіралі прапановы па новых назвах станцый, а да 9 траўня мы праводзім рэйтынгавае галасаваньне. Пасьля 9-га будуць апублікаваныя афіцыйныя вынікі і падрыхтаваны адпаведны праект рашэньня аб перайменаваньні».

Акрамя новых назваў станцый мэтро, Кіеўская рада прымае і заяўкі аб перайменаваньні «расейскіх» вуліц. Ужо зараз такіх прапаноў амаль 500.

«Першапачаткова быў сьпіс са ста назвамі, якія былі зьвязаныя з расейскімі тапонімамі тыпу Маскоўская, Саратаўская, вось такога пляна вуліцы, — кажа дэпутат Кеўскай гарадзкой рады Ксенія Сямёнава. — Але потым на эмэйл сакратарыята пачалі прыходзіць прапановы: а памяняйце яшчэ гэта, а памяняйце яшчэ гэта. Гэта значыць велізарная колькасьць вуліц — гэта прапановы, якія прыйшлі ад саміх жыхароў Кіева!»

«Мы дакладна пераймянуем 15-20 вуліц, тыя, якія не выклікаюць супярэчнасьці ў экспэртаў і грамадзтва, — падкрэсьлівае Сямёнава. — Што тычыцца астатніх вуліц, то тыя прапановы, якія даслалі кіяўляне, пойдуць на абмеркаваньне камісіі па найменьнях, і пасьля экспэртнага заключэньня зноў будзе грамадзкае абмеркаваньне і галасаваньне аб тым, ці трэба гэта рабіць».

Сямёнава зарэгістравала ў Кіеўскай радзе яшчэ адзін праект рашэньня. Яна прапануе дэмантаваць у Кіеве каля 60 помнікаў і мэмарыяльных дошак, зьвязаных з Расеяй і яе дзеячамі. Першы манумэнт — двум працоўным, расейскаму і ўкраінскаму, пад аркай Дружбы народаў — зьнесьлі яшчэ 26 красавіка, не чакаючы галасаваньня дэпутатаў гарсавета.

«Забойствам дзясяткаў тысяч украінцаў, мірных жыхароў, разбурэньнем гарадоў Украіны — Марыюпаля, Харкава, Чарнігава, многіх іншых гарадоў — расейцы паказалі сваё сапраўднае „сяброўства“ ў адносінах да ўкраінскага народа, зьверскімі забойствамі мірных жыхароў. І я перакананы ў тым, што сымбалі павінны набываць новы сэнс», — падкрэсьлівае мэр Кіева Віталь Клічко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG