Ва Ўкраіне ў адказ на такія паводзіны Расеі заяўляюць, што пуцінская Расея стала такім жа агрэсарам, як і гітлераўская Нямеччына. Свабода сабрала важныя лічбы і факты пра ўдзел Украіны ў Другой усясьветнай вайне
«Перамагла Антыгітлераўская кааліцыя»
У пачатку траўня Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла заяву з нагоды 77-й гадавіны перамогі над нацызмам і аб недапушчальнасьці прысвойваньня Расеяй перамогі над нацызмам«.
Дэпутаты палічылі неабходным засьведчыць ролю ўкраінскага народу ў перамозе над гітлераўскай Нямеччынай.
«Расейская Фэдэрацыя, якая за тры дзясяткі гадоў брала ўдзел у шэрагу войнаў і вайсковых канфліктах як краіна-агрэсарка і як хаўрусьніца дыктатарскіх рэжымаў, ужо ўчыніла вялізную колькасьць ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці. Такімі дзеяньнямі Расейская Фэдэрацыя страціла любое маральнае права апэляваць да спадчыны перамогі над нацызмам, бо сваімі дзеяньнямі яна дэ-факта паўтарае нацысцкія зьверствы і апаганьвае памяць аб подзьвігах вэтэранаў і ўдзельнікаў Другой усясьветнай вайны», — адзначаецца ў заяве.
Дзень перамогі — ня сьвята, а ўшанаваньне памяці
З 2015 году ва ўкраінскім календары вызначаныя два дні, калі грамадзяне, вэтэраны і кіраўніцтва краіны разам ушаноўваюць памяць ахвяр і подзьвіг украінскага народу ў Другой усясьветнай вайне — 8 і 9 траўня.
Амаль штогод з таго часу прарасейскія сілы намагаліся правесьці акцыю «Несьмяротны полк». Супраць іх выступала вялікая колькасьць грамадзян, таму такія акцыі іхныя арганізатары ператваралі ў правакацыі і сутыкненьні.
З 2014-га правядзеньне такіх акцый перамясьцілася ў паўднёвыя і ўсходнія рэгіёны. Сёлета Расея плянуе іх аганізаваць на акупаваных тэрыторыях Херсонскай, Мікалаеўскай, Данецкай і Луганскай абласьцей.
Змагаліся ў арміях краін кааліцыі і ў партызанскіх атрадах
Паводле архіваў і навуковых прац гісторыкаў у савецкі і цяперашні час, украінцы складалі 23% асабістага складу Савецкай арміі, або ад 4,5 млн да 7 млн асоб.
Апроч таго, украінцы ўдзельнічалі ў вайсковых і партызанскіх фармаваньнях Канады, Аўстраліі, Польшчы, Чэхаславаччыны, Нямеччыны і Румыніі.
Пасьля нямецкага ўварваньня ва Ўкраіну было створана 23 падпольныя абкамы і 5 тысяч гаркамаў. Найбольш вядомымі падпольнымі арганізацыямі сталі «Маладая гвардыя» (Краснадон), «Народная гвардыя» (Львоў), «Партызанская іскра» (вёска Крымка Первамайскага раёну Мікалаеўскай вобласьці), «Цэнтар» (Мікалаеў), «Рэўком» (Запарожжа).
Страты сярод цывільных і вайскоўцаў
Паводле ацэнак гісторыкаў, цягам усёй нямецкай акупацыі загінулі каля 40 тысяч украінскіх падпольшчыкаў.
Лічба агульных страт украінцаў у розных працах істотна вагаецца — ад 5 да 7 мільёнаў грамадзян тагачаснай савецкай Украіны.
У прамове з нагоды 30-годзьдзя вызваленьня Ўкраіны ад гітлераўскіх захопнікаў тагачасны першы сакратар ЦК Кампартыі Ўкраіны Ўладзімір Шчарбіцкі назваў лічбу ў 6 мільёнаў 750 тысяч асоб.
Пазьней страты ацанілі ў 2,5 мільёна вайскоўцаў і 5,5 мільёна загінулых ваеннапалонных і мірных жыхароў. У адносінах да агульных страт СССР гэта 40-44%.
Афіцыйна лічыцца, што ў Другой усясьветнай вайне загінуў кожны пяты ўкраінец. Сярод вайскоўцаў летняга прызыву 1941 году выжылі толькі 3% ад агульнай колькасьці.
Героі Савецкага Саюзу сярод украінцаў
Украінцы сталі другой нацыянальнай групай па колькасьці грамадзян, узнагароджаных званьнем Героя Савецкага Саюзу: першае месца займаюць расейцы, а трэцяе — габрэі.
З 1934-га да 1959 году званьне Героя Савецкага Саюзу атрымалі 2 070 украінцаў з 12 172 грамадзян агульнай колькасьці ўзнагароджаных.
Вядомы ўкраінскі лётчык Іван Кажадуб быў тройчы ўзнагароджаны званьнем Героя Савецкага Саюзу, і яшчэ 32 украінцы, якія змагаліся з фашыстамі ў паветры, на вадзе і на зямлі, двойчы атрымлівалі гэтую найвышэйшую адзнаку.
Іншыя ўзнагароды за мужнасьць у баях атрымалі 2,5 мільёна ўкраінцаў.
Вайсковыя апэрацыі, якія вызначылі ход вайны
На тэрыторыі УССР праходзіла амаль палова стратэгічных апэрацый, праведзеных у час нямецка-савецкай вайны. У баявых дзеяньнях на ўкраінскай тэрыторыі ўдзельнічалі 54 арміі Ўзброеных сіл СССР, а дзеяньні рэгулярных войскаў спалучаліся з узброеным падпольным супрацівам.
Першыя маштабныя баі на Ўсходнім фронце Другой усясьветнай вайны адбыліся на тэрыторыі Ўкраіны — танкавая бітва ў «трыкутніку» Луцк — Роўна — Броды, абарона Кіева, Адэсы, Севастопаля.
У 1941-1942 гадах нямецкія войскі трапілі ў вялікія «катлы» — пад Уманьню, Кіевам, Мелітопалем, Керчу і Харкавам. Са студзеня 1943 году па кастрычнік 1944-га Чырвоная Армія правяла ва Ўкраіне 13 наступальных і дзьве абаронныя апэрацыі: Данбаскую і Нікапальска-Крывароскую, Крымскую і Львоўска-Сандамірскую, Корсунь-Шаўчэнкаўскую бітва, а таксама такія ўнікальныя ў складанасьці апэрацыі як фарсаваньне Дняпра і пераадоленьне горных масіваў Карпат.
Сацыяльна-эканамічныя страты
Ва Ўкраіне па вайне было зруйнавана амаль 700 гарадоў і 28 000 вёсак. Матэрыяльныя страты ацэньваліся ў 285 мільярдаў рублёў у цэнах 1941 году — звыш 40% ад агульных страт СССР.
У выніку ваенных дзеяньняў было зьнішчана 5 600 мастоў, зруйнавана 33 000 адукацыйных і 18 000 мэдычных устаноў.