Рашэньне прынялі на пасяджэньні Лячэбна-кантрольнай рады Міністэрства аховы здароўя 4 траўня 2022 году. На ёй разглядалі пытаньні парушэньняў выкананьня заканадаўства аб ахове здароўя, аб санітарна-эпідэмічным стане, аб ліцэнзаваньні ў гэтых арганізацыях.
Гэтыя парушэньні, як адзначае тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя, «па сукупнасьці могуць пацягнуць прычыненьне шкоды дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам, жыцьцю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян або стварыць пагрозу прычыненьня такой шкоды».
На ТАА «Клініка А1» у 2022 годзе ў Міністэрства аховы здароўя паступілі тры звароты ад грамадзян у пытаньнях якасьці і арганізацыі мэдычнай дапамогі. Камісія міністэрства выявіла грубыя парушэньні заканадаўства:
- выкарыстаньне мэдабсталяваньня без дамовы на яго тэхнічнае абслугоўваньне і рамонт;
- адсутнасьць санітарнага пашпарта на лазэрную сыстэму;
- шматлікія парушэньні заканадаўства аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце, у сувязі з чым Цэнтрам гігіены і эпідэміялёгіі з 11 красавіка прыпынена дзейнасьць да ліквідацыі выяўленых парушэньняў;
- парушэньні пры аказаньні мэдычных паслуг пацыентам;
- няякаснае вядзеньне мэдыцынскіх дакумэнтаў;
- адсутнасьць атрыманьня згоды пацыентаў на правядзеньне ўмяшаньняў;
- парушэньні парадку правядзеньня мэдычных аглядаў у частцы: афармленьня дзёньнікавых запісаў, вызначэньня клініка-функцыянальнага дыягназу;
- парушэньні клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэньня пацыентаў.
У ТАА «ЛОДЭ» міжведамаснай камісіяй, створанай КДК, з прыцягненьнем супрацоўнікаў Міністэрства здароўя праведзена пазаплянавая праверка цэнтральнага офісу і яго філіяў у Берасьці і Горадні. Падчас праверкі выявілі шэраг парушэньняў:
- ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці ў месцы, не пазначаным у ліцэнзіі;
- парушэньні патрабаваньняў клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэньня;
- наяўнасьць лекавых сродкаў са скончаным тэрмінам прыдатнасьці;
- парушэньні парадку арганізацыі аказаньня неадкладнай дапамогі (у тым ліку адсутнасьць укладкі па анафіляксіі ў прышчэпачным кабінэце для дзяцей), адсутнасьць неабходных лекавых сродкаў ва ўкладках для экстранай дапамогі, у некаторых філіях, адсутнасьць альгарытмаў дзеяньняў аказаньня мэдычнай дапамогі пацыентам у крытычных станах, адсутнасьць адаптаваных альгарытмаў мэдычнай дапамогі дзецям;
- грубыя парушэньні правядзеньня экспэртызы часовай непрацаздольнасьці (выяўлена 89 выпадкаў неабгрунтаванай выдачы і падаўжэньня лісткоў непрацаздольнасьці);
- парушэньні ў арганізацыі правядзеньня мэдычнай дапамогі дзіцячаму насельніцтву;
- парушэньні заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва (парушэньні ў дэзынфэкцыі мэдычнага абсталяваньня і вырабаў мэдычнага прызначэньня, парушэньні пры правядзеньні стэрылізацыі).
Рэакцыя ў «Лодэ»
Афіцыйнага паведамленьня з рэакцыяй на падзею на сайтах «Лодэ» і «Клініка А1» няма.
У даведачнай службе «Лодэ», заявілі Zerkalo.io, што пакуль інфармацыі аб прыпыненьні працы ў іх няма.
«Запіс пацыентаў вядзецца на травень і на чэрвень», — адзначыла апэратар.
Супрацоўнікі розных падраздзяленьняў «Лодэ» пакуль паведамляюць розныя зьвесткі. У адной з філій кіраўніцтва пацьвердзіла: з 16 траўня праца будзе прыпыненая.
«Як я разумею, да 15 чысла мы будзем працаваць у штатным рэжыме. Пасьля гэтага ўсе запісы пацыентаў адмяняюцца. Але я магу гаварыць толькі за сваю філію», — распавяла супрацоўніца. Ці надоўга спыніцца праца, пакуль невядома.
«Загадчык напісаў, што да нас прэтэнзія па вядзеньні мэддакумэнтацыі. Але пакуль нічога не зразумела, толькі тое, што наезд сур’ёзны, — сказалі ў іншай філіі.