«Мы дапаможам Малдове ўмацаваць сваю ўстойлівасьць і справіцца з наступствамі агрэсіі Расеі ва Ўкраіне. Летась мы абвясьцілі пра 7 мільёнаў эўра на падтрымку абсталяваньня для мэдыцынскіх і ўнутраных патрэб арміі празь міратворчы мэханізм Эўразьвязу. Сёлета мы плянуем значна павялічыць падтрымку Малдовы, забясьпечваючы яе ўзброеныя сілы дадатковай вайсковай тэхнікай», — цытуе Шарля Мішэля «Эўрапейская праўда».
Пры гэтым чыноўнік не ўдакладніў, пра якую суму дапамогі ідзе гаворка і якое абсталяваньне будуць перадаваць.
На мінулым тыдні зьявіліся матэрыялы выведак аб падрыхтоўцы Расеяй нападу на Малдову з тым, каб забясьпечыць «калідор» да непрызнанага Прыднястроўя з Адэсы і Крыму, а таксама мець магчымасьць пагражаць Украіне па новым кірунку. Раней прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду патрабавала вываду расейскага вайсковага кантынгенту з тэрыторыі сваёй дзяржавы.
Разам з тым у самаабвешчаным Прыднястроўі, якое існуе 30 гадоў і фактычна ўвесь гэты час не кантралюецца Кішынёвам, абвастрылася сытуацыя, адбываліся падрывы вышак і абстрэлы будынкаў. У Кішынёве прайшло экстранае паседжаньне Рады бясьпекі краіны, улады Малдовы мяркуюць, што напружаньне выклікана расейскімі правакацыямі.