Жаночая зборная Расеі не дапушчаная да ўдзелу ў чэмпіянаце Эўропы, замест яе ў фінальным турніры ў Ангельшчыне згуляе партугальская каманда. Каманду здымуць з адборачнага турніру да Чэмпіянату сьвету, яна займала там другое месца ў групе. З спаборніцтваў таксама зьнялі расейскую моладзевую зборную, футзальныя каманды і каманды пляжнага футболу.
Раней міжнародная фэдэрацыя футболу ФІФА зьняла расейскую зборную з кваліфікацыі да Чэмпіянату сьвету, правядзеньне якога заплянавана ў Катары ў лістападзе-сьнежні сёлета. Гэта здарылася пасьля таго, як зборныя Польшчы і Швэцыі заявілі, што ня будуць гуляць з расейскай камандай — з прычыны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.