На волі былы загадчык аддзяленьня № 2 РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі кандыдат мэдычных навук Павал Скакун. Ён працягвае працаваць у РНПЦ, але ўжо ў аддзяленьні № 1 на пазыцыі звычайнага лекара.
«Цяпер толькі ён на трэцім паверсе, дзе першае аддзяленьне», — сказалі Zerkalo.io ў даведачным цэнтры.
Выйшаў зь СІЗА і былы лекар РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Андрэй Перасада. Яго накіравалі ў шостую лякарню Менску.
«Так, у нас. Трэцяя траўматалёгія», — паведамілі ў даведцы лякарні, перад гэтым удакладніўшы інфармацыю аб перастаноўцы ў аддзеле кадраў.
На волі таксама ўрач траўматоляг-артапэд вышэйшай катэгорыі Яўген Талако. Да затрыманьня ён працаваў у 11-м шпіталі Менску, цяпер — у кансультатыўна-паліклінічным аддзяленьні РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі. У самім аддзяленьні патлумачылі: запіс да Талакі ёсьць, але вольныя месцы пачынаюцца зь ліпеня.
«Лекар прыйшоў нядаўна, але пацыенты засталіся ад мэдыка, які працаваў да яго», — адзначылі ў рэгістратуры.
Яўген Саўко, які ўзначальваў траўматалягічнае аддзяленьне раённай лякарні ў Ваўкавыску, працуе там жа, але ўжо шараговым лекарам у аддзяленьні траўматалёгіі. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі і ў самой лякарні.
Зь СІЗА выйшаў і экс-загадчык траўматалягічнага аддзяленьня БХМД Віцебску Аляксандар Царкоўскі. Дзе ён будзе працаваць, пакуль невядома.
«Кажуць, ён пакрыў нейкую шкоду і быў адпушчаны пад хатні арышт, — расказваюць калегі мэдыка. — Па спэцыяльнасьці працаваць ён зможа, але ня ў нашай лякарні і не на кіроўнай пасадзе».
Таксама адпусьцілі Івана Мінакоўскага, у мінулым загадчыка артапэдычнага аддзяленьня РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі. Але дзе ён працягне працу, пакуль невядома.
Невядома і тое, дзе будзе працаваць загадчык рэабілітацыйнага аддзяленьня № 4 гэтай жа лякарні траўматоляг-артапэд Алег Ліпніцкі. Пакуль вядома толькі, што яго адпусьцілі зь СІЗА пад падпіску аб нявыезьдзе і невыдаваньні.
26 сакавіка ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні траўматолягаў. Прыкладна праз тры тыдні сталі вядомыя падрабязнасьці. Лукашэнка заявіў, што ўсяго затрымалі 35 артапэдаў-траўматолягаў. Ён заявіў, што траўматолягі атрымлівалі хабар за лабіяваньне эндапратэзаў пэўных замежных вытворцаў.
«У некаторых па 300 тысяч, па 650 тысяч эўра пры ператрусах знайшлі толькі дома — на кішэнныя выдаткі захоўвалі», — заявіў ён, а таксама паскардзіўся, што сярод затрыманых быў і ягоны лекар.
Крымінальная справа распачатая па частках 1, 2 і 3 артыкула 430 (Атрыманьне хабару), часткі 1 артыкула 431 (Даваньне хабару), а таксама часткі 1 артыкула 433 (Незаконная грашовая ўзнагарода).
На нарадзе Лукашэнкі з кіраўніком КДБ Іванам Тэртэлем, генпракурорам Андрэем Шведам і міністрам аховы здароўя Дзьмітрыем Піневічам наконт артапэдаў было пастаўлена пытаньне аб тым, «што ж рабіць з гэтымі людзьмі». Пазьней кіраўнік Міністэрства аховы здароўя назваў умовы іх выхаду на волю: прызнаньне віны, кратнае пагашэньне шкоды і праца там, дзе скажа міністар.