Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік кіраўніка СК пра «рэйкавых партызанаў»: «Не адбыліся ў жыцьці, слабая псыхіка»


Анатоль Васільеў, намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Беларусі, заявіў, што «злачынствы тэрарыстычнай і экстрэмісцкай накіраванасьці» сталі «рэальнымі» на беларускай чыгунцы.

«Крыніцай такіх страшных злачынстваў становіцца не рэлігійная варожасьць ці радыкальныя перакананьні, а мэсэнджар у мабільным тэлефоне, — сказаў Васільеў у інтэрвію агенцтву БелТА. — У нашай краіне ёсьць людзі, якія сапраўды гатовы пусьціць пад адхон цягнік з пасажырамі, проста паддаўшыся дэструктыўнаму інфармацыйнаму парадку дня. Мы жывем у той самы час, калі тэлеграм-канал, у прамым сэнсе, набывае форму зброі. Не выбухованебясьпечнай ці агнястрэльнай, а псыхалягічнай».

Паводле Васільева, людзі, якія дапускаюцца такіх дзеяньняў, «сьвята вераць, што такім чынам можна памяняць жыцьцё ў краіне». Прытым ён адзначае:

«Мае месца і карысьлівы матыў. Я б назваў гэта мэркантыльнасьцю. (…) Гэта зьвязана з тым, што мала хто зь іх забясьпечаны фінансамі. Часьцей за ўсё гэта людзі, якія не адбыліся ў жыцьці. Для грамадзтва гэтыя людзі мала што прадстаўляюць. Іграе ролю і слабая псыхіка, таму чалавек паддаецца дэструкцыйнай інфармацыйнай хвалі».

6 красавіка МУС Беларусі паведаміў, што ў ноч на 30 сакавіка пры сілавой падтрымцы САХРу затрымалі трох жыхароў Бабруйску 27 і 28 гадоў, якія нібыта маюць дачыненьне да зьнішчэньня дзьвюх рэлейных шафаў сыгнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Паводле тэлеграм-каналу «Суполка чыгуначнікаў Беларусі», гаворка ідзе пра Яўгена Мінкевіча, Дзьмітрыя Клімава і Ўладзімера Аўрамцава.

Уладзімер Аўрамцаў працуе трэнэрам у грэка-рымскай барацьбе ў адной са школ Бабруйску. Яўген Мінкевіч таксама зьвязаны са спортам, працаваў кіроўцам. Дзьмітры Клімаў таксама працаваў у Бабруйску кіроўцам.

Намесьнік старшыні Сьледчага камітэту паведаміў, што ў Беларусі плянуюцца зьмены заканадаўства адносна завочнага асуджэньня, якія дазволяць прыцягваць да адказнасьці асобы, падазраваныя ў экстрэмізьне, нават у іх адсутнасьць.

Больш за 1,5 тысячы чалавек у Беларусі падпалі пад рэпрэсіі і гвалт у сувязі з пратэстам супраць вайны ва Ўкраіне. Беларускія «рэйкавыя партызаны» ўчынілі дзясяткі дывэрсій на чыгунцы, а кібэрпартызаны на два тыдні парушылі працу абсталяваньня, якое забясьпечвае аўтаматычную працу Беларускай чыгункі, каб не дапусьціць перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі. І гэта ва ўмовах дзяржаўнага тэрору супраць любога іншадумства. Аніводная асоба ад дывэрсій на чыгунцы не пацярпела. Іх ініцыятары неаднаразова заяўлялі, што імкнуцца пазьбягаць атак на грамадзянскія цягнікі і зацікаўленыя выключна ў запаволеньні руху расейскіх складаў са зброяй і іншай тэхнікай, якая выкарыстоўваецца супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG