У паведамленьні Moodyʼs адзначаецца, што выплаты Расеі па дзьвюх аблігацыях з тэрмінам пагашэньня ў 2022 і 2042 гадах у рублях замест даляраў, якія Расея зрабіла 4 красавіка, зьяўляюцца зьмяненьнем умоваў плацяжу па першапачатковых кантрактах па аблігацыях, і гэта можа лічыцца дэфолтам.
У РФ ёсьць час да 4 траўня, гэта значыць да канца льготнага пэрыяду, каб выканаць умовы кантрактаў, адзначае Moodyʼs, бо аблігацыйныя кантракты не прадугледжваюць пагашэньня ў якой-небудзь іншай валюце, акрамя даляраў. Хоць эўрабонды, выпушчаныя пасьля 2018 году, і магчыма пры пэўных умовах выплаціць у рублях, эўрабондаў Расея-2022 і Расея-2042 (выпушчаных да 2018 году) гэта ня тычыцца: яны павінны быць выплачаныя толькі ў іншых цьвёрдых валютах (даляр, эўра, фунт стэрлінгаў ці швайцарскі франк).
Раней рэйтынгавае агенцтва S&P у адказ пагоршыла крэдытныя рэйтынгі Расеі: рэйтынг эмітэнта ў замежнай валюце паніжаны да ўзроўню SD, які азначае выбарачны дэфолт.