Пра масавыя факты згвалтаваньняў у праграме ўкраінскай службы Радыё Свабода «Свабода Live» заявіла ўпаўнаважаная ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Людміла Дзянісава. Паводле яе, пакуль немагчыма палічыць, колькі ўкраінцаў сталі ахвярамі згвалтаваньняў.
«Палічыць, колькі ахвяраў, цяпер немагчыма, таму што ёсьць жорстка забітыя ці загінулыя людзі, якія таксама маглі быць ахвярамі гвалту. Іншая гісторыя, калі зараз нам паведамляюць нашы жанчыны, дзяўчаты, хлопцы, іхныя бацькі аб гвалтоўных дзеяньнях, якія былі супраць іх зьдзейсьнены. Але гэта толькі маленькая частка гэтых людзей, якія захацелі расказаць пра гэта, каб ім была аказаная псыхалягічная падтрымка», — сказала Дзянісава.
Яна пераконвае, што выпадкі згвалтаваньняў на акупаваных войскамі РФ тэрыторыях мелі масавы характар. Па яе словах, пасьля вызваленьня Кіеўскай вобласьці ад расейскіх акупантаў ахвяры пачалі тэлефанаваць і паведамляць аб такіх злачынствах.
«Мы ўбачылі, што гэта масавы характар. Наша група для псыхалягічнай падтрымкі ня можа справіцца з гэтым, бо яны ня толькі выслухалі і зафіксавалі — гэта працэс, неаднаразовая падтрымка».
Яна падзялілася тым, што расказваюць ахвяры гвалту.
«Гэтыя жанчыны і дзяўчаты расказваюць пра тое, што, калі іх гвалтавалі, усе гэтыя вылюдкі гаварылі пра тое, што «мы зробім такім чынам, каб вы ні разу не захацелі больш дапусьціць да сябе мужчын, каб потым у вас дзеці ніколі не нараджаліся» , — дадала амбудсмэн.
Паводле яе, фіксуюць многія выпадкі, калі жанчыны зацяжарылі.
«Магу сказаць пра 11 выпадкаў, калі дзяўчаты цяжарылі. Гэта толькі тыя, хто захацеў, каб пра іхныя выпадкі было сказана публічна», — адзначыла Дзянісава.
Атрымаць пацьверджаньне гэтых дадзеных яшчэ зь нейкіх крыніц пакуль няма магчымасьці.
2 красавіка Кіеўская вобласьць была вызвалена ад расейскіх войскаў. Пасьля адступленьня расейскіх вайскоўцаў у вызваленых гарадах і вёсках фіксуюцца масавыя выпадкі гібелі цывільных асоб. Найперш гаворка ідзе пра Бучу, дзе загінулі ня менш як 400 чалавек.
Украіна і некаторыя прадстаўнікі Захаду патрабуюць прыцягнуць Расею да адказнасьці за ваенныя злачынствы за тое, што адбываецца ў Кіеўскай вобласьці.
Крэмль «катэгарычна абвяргае любыя абвінавачаньні ў забойствах цывільных», нягледзячы на тое, што такія факты ў пэрыяд расейскай акупацыі пацьвярджаюцца спадарожнікавымі здымкамі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.