Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: справу экс-кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» накіравалі ў суд; берасьцейцу прысудзілі 2,5 года ў «справе Зельцара»


Віктар Фянчук
Віктар Фянчук

У Беларусі на 5 красавіка 1108 зьняволеных з палітычных матываў.

Справу экс-кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» накіравалі ў суд

Сьледчы камітэт паведаміў, што скончыў расьсьледаваньне ў справе палітзьняволенага Віктара Фянчука. Яму выставілі канчатковае абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Згодна з матэрыяламі справы, «Фянчук блякаваў рух транспарту на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лёзунгі. Падчас расьсьледаваньня выяўлены яшчэ пяць аналягічных эпізодаў, зьдзейсьненых ім».

Матэрыялы сьледзтва перададзеныя ў пракуратуру, таму хутка мусіць пачацца судовы працэс.

Віктара затрымалі пасьля ператрусу ў менскім офісе арганізацыі 31 жніўня 2021 году. Адразу яго пакаралі «суткамі» ў адміністрацыйнай справе, а потым выставілі абвінавачаньне паводле арт. 342 КК.

19 сакавіка 2022 году Вярхоўны суд зьліквідаваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны» за «экстрэмісцкую дзейнасьць».

Цяперашні адрас палітвязьня для ліставаньня: СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Віктару Аляксандравічу Фянчуку.

2,5 года турмы ў «справе Зельцара»

4 красавіка ў Берасьцейскім абласным судзе вынесьлі прысуд палітвязьню Дзянісу Карабану, затрыманаму за камэнтар у інтэрнэце пасьля гібелі Андрэя Зельцара. Мужчыну асудзілі на 2,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу.

Прысуд вынесла судзьдзя Кацярына Груда. Бок дзяржабвінавачаньня падтрымаў Аляксандар Жэшка.

Дзяніса пачалі судзіць 9 лютага 2022 году. Палітвязьню паставілі ў віну тое, што 28 верасьня 2021 году ў суполцы «ВКонтакте» «Плохие новости Беларусь» ён пакінуў камэнтар: «А*уенчик, давно пора валить их».

На судзе Карабан прызнаў сваю віну.

Гэта другі вядомы прысуд у так званай «справе Зельцара». Першы вынесьлі ў студзені 2022 году. У Магілёве судзьдзя суду Ленінскага раёну Магілёва Тацяна Рахманенка асудзіла 45-гадовага Аляксандра Гаўрыленку на 2 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічынь за абразьлівыя камэнтары ў адрас супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, забітага Андрэем Зельцарам.

Справу Гаўрыленкі разглядалі паводле аднаго артыкулу КК — «публічная абраза прадстаўніка ўлады». У той час як прыблізна сотні чалавек, затрыманых у гэтай справе, інкрымінуюць адразу два артыкулы КК — 369 і 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG