Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У офісах даччыных кампаніяў «Газпрому» ў Нямеччыне прайшлі ператрусы


Акцыя пратэсту ў Брусэлі, Бэльгія, на якой ЭЗ заклікалі не купляць энэрганосьбіты ў Расеі
Акцыя пратэсту ў Брусэлі, Бэльгія, на якой ЭЗ заклікалі не купляць энэрганосьбіты ў Расеі

Супрацоўнікі антыманапольнага рэгулятара Эўразвязу прыйшлі ў офісы Gazprom Germania GmbH і Wingas GmbH.

Пра ператрусы паведаміў Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы. Ператрусы зьвязаныя з расьсьледаваньнем у дачыненьні паставак газу. Антыманапольны рэгулятар правярае ролю «Газпрому» ў росьце цэнаў на газ у Эўропе.

Раней кіраўнік Міжнароднага энэргетычнага агенцтва абвінаваціў Расею ў энэргетычным крызісе, які прывёў да закрыцьця эўрапейскіх заводаў, што вырабляюць шырокі асартымэнт прадукцыі — ад угнаеньняў да мэталаў.

30 сакавіка Расея спыніла прапампоўваньне газу трубаправодам «Ямал — Эўропа» праз кампрэсарную станцыю Мальнаў на польска-нямецкай мяжы. Днём 29 сакавіка патокі газу ва ўсходнім кірунку ў Польшчу і Нямеччыну па гэтым трубаправодзе зьнізіліся да нуля. Што стала прычынай спыненьня прапампоўваньня газу, не ўдакладняюць.

Раней кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін на фоне расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і наступных жорсткіх заходніх санкцыяў даручыў ураду РФ, Цэнтрабанку Расеі і «Газпрому» да 31 сакавіка перавесьці на рублі разьлікі за газ зь «недружалюбнымі дзяржавамі».

Чальцы «Вялікай сямёркі» (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Канада, Італія, Японія) ужо заявілі, што ня стануць купляць у Расеі газ за рублі. Пазьней да гэтай заявы далучыўся ўвесь Эўразьвяз. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў пагражае, што ў выпадку адмовы купляць газ за рублі пастаўкі спыняцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG