Італія замарозіла актывы на суму $880 млн (€800 млн). Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Італіі Марыё Драгі, выступаючы ў ніжняй палаце парлямэнту, паведамляе La Stampa.
«У Італіі мы замарозілі актывы расейскіх алігархаў на €800 млн», — цытуе Драгі «Настоящее время». Паводле яго, Італія таксама прапануе фінансавую і гуманітарную дапамогу Ўкраіне.
Нідэрлянды, як перадае CNN са спасылкай на ліст Мінфіну краіны, замарозілі каля $431 млн (€392 млн) расейскіх актываў. Пры гэтым у міністэрстве адзначылі, што арышты актываў працягнуцца.
Польшча замарозіла на рахунках на сваёй тэрыторыі каля $33 млн (140 млн злотых). Пра гэта прэс-сакратар ураду Пётар Мюлер паведаміў у твітэры.
Раней Францыя замарозіла сродкі Цэнтрабанку Расеі на суму €22 млрд, а таксама рахункі і нерухомасьць прыватных асобаў, якія трапілі пад санкцыі, на суму €850 млн эўра.
Пасьля ваеннага ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны 24 лютага 2022 году дзяржавы ЭЗ і іншыя краіны прынялі некалькі пакетаў санкцый. На пачатку сакавіка міністар замежных спраў Італіі Люіджы Ды Маё абвясьціў, што краіна гатовая пачаць працэдуру канфіскацыі «маёмасьці расейскіх алігархаў».
ЗША стварылі міжнародную групу для пошуку і арышту актываў расейскай эліты на Захадзе. У яе ўвайшлі прадстаўнікі Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Канады, Японіі, Нямеччыны, Францыі, Італіі і Эўракамісіі. Сябры групы таксама атрымалі сьпіс з 50 чалавек, на якіх яны павінны засяродзіць сваю ўвагу.